10 студзеня для студэнтаў і магістрантаў факультэта фізікі і інфармацыйных тэхналогій з дакладам «Нанаансамблi на аснове квантавых кропак CdSe і малекул фарбавальнікаў: прынцыпы самазборкі, паверхневыя з'явы і эксітонныя рэлаксацыйныя працэсы» выступіў доктар фізіка-матэматычных навук, прафесар кафедры інфармацыйных тэхналогій Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта Эдуард Іосіфавіч Зянькевіч.
У пачатку свайго выступлення дакладчык адзначыў, што лекцыя з'яўляецца свайго роду інтэрнацыянальным праектам, над якім працавалі навукоўцы розных краін, аднак вядучую ролю ў яе стварэнні адыгралі беларускія даследчыкі і нямецкія калегі.
Эдуард Іосіфавіч ў 1967 г. скончыў з адзнакай фізічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта і паступіў у аспірантуру Інстытута фізікі АН БССР пад кіраўніцтвам акадэміка Г.П. Гурыновіча. Прайшоў шлях ад малодшага да галоўнага навуковага супрацоўніка лабараторыі фотахіміі Інстытута фізікі імя Б.І. Сцяпанава Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. У 1973 г. паспяхова абараніў дысертацыю на суісканне вучонай ступені кандыдата фізіка-матэматычных навук на тэму «Міграцыя энергіі электроннага ўзбуджэння ў растворах фотасінтэтычных пігментаў», а ў 1990 г. на атрыманне вучонай ступені доктара фізіка-матэматычных навук на тэму «Фотафiзiка канцэнтраваных раствораў пігментаў і структурна-арганізаваных малекулярных сістэм з іх удзелам ». Эдуард Іосіфавіч з'яўляецца спецыялістам у галіне фізікі рэлаксацыйных працэсаў у нанаструктурах рознай прыроды. Шэраг выкананых ім даследаванняў носіць прыярытэтны характар і атрымаў шырокую сусветную вядомасць.
На лекцыі прысутнічаў рэктар універсітэта Сяргей Анатольевіч Хахомаў.