Першая алімпіяда па прадмеце «Фізічная культура і здароўе»

Submitted by ias on пят, 18/01/2019 - 14:23

У 2018-2019 навучальным годзе ўпершыню ў Рэспубліцы Беларусь стартавала алімпіяда па вучэбным прадмеце «Фізічная культура і здароўе». З 8 па 12 студзеня 2019 года прайшоў трэці (абласны) этап рэспубліканскай алімпіяды ў Гомельскім рэгіёне.

На працягу трох дзён 46 навучэнцаў — пераможцаў і прызёраў двух папярэдніх этапаў - змагаліся за ўладанне дыпломаў I, II і III ступеняў.

Пачаліся спаборніцтвы з тэарэтычнага тура. Удзельнікі алімпіяды прайшлі пісьмовае тэставанне, якое вызначыла ўзровень іх фізкультурных ведаў. Другі тур адбыўся на водных дарожках, дзе хлопцы спаборнічалі ў плаванні на 50 м.

Па выніках трэцяга тура была дадзена ацэнка ўзроўню фізічнай падрыхтаванасці рабят, якія змагаліся ў чоўнавым бегу 4х9 м, скачку ў даўжыню з месца, падцягванні на перакладзіне (х) і падыманне тулава (дз), нахіленыя наперад са становішча седзячы.

Па ўмовах завяршальнага чацвёртага тура кожны ўдзельнік выконваў практыкаванні і камбінацыі з абранага для сябе аднаго з гульнявых відаў спорту (баскетбол, валейбол, футбол і гандбол).

Журы узначальвалі намеснік дэкана факультэта фізічнай культуры С.А. Іваноў і дырэктар спартыўнага клуба С.Н. Куляшоў. У ходзе дадзенага мерапрыемства была праведзена актыўная прафарыентацыйная работа сярод рабят і настаўнікаў фізічнай культуры і здароўя.

Завяршыўся абласны этап рэспубліканскай алімпіяды 12 студзеня цырымоніяй закрыцця, дзе пераможцы і прызёры былі ўзнагароджаны дыпломамі. Усім удзельнікам былі ўручаны буклеты аб факультэце фізічнай культуры і музеі-лабараторыі спартыўнай славы Гомельшчыны.

Фотасправаздача