Віншуем Уладзіміра Пятровіча Астахава з юбілеем!

Submitted by ias on чцв, 14/02/2019 - 16:49

14 лютага самыя шчырыя і добрыя віншаванні з нагоды юбілею прымае Уладзімір Пятровіч Астахаў, які многія гады прапрацаваў у нашым універсітэце старшым выкладчыкам на кафедры фізічнага выхавання.

Першы прарэктар ГДУ імя Ф. Скарыны Андрэй Віктаравіч Крук павіншаваў юбіляра, выказаў удзячнасць за шматгадовую працу на факультэце, пажадаў моцнага здароўя і даўгалецця, душэўнага цяпла і шчасця, нязгаснай цікавасці да жыцця.

Уладзімір Пятровіч Астахаў нарадзіўся ў Мінску. Футболам пачаў займацца ў мясцовай ФШМ, куды яго прывёў абаронца менскага «Дынама» Эдуард Зарэмба. Гуляў у нападзе за мінскія "Дынама" і "Ураджай". На працягу трох гадоў быў капітанам юнацкай зборнай.

У Гомель Уладзіміра Пятровіча запрасілі гуляць у 1959-м годзе за толькі што створаную каманду «Лакаматыў». У яе складзе правёў два гады, і за гэты час паспеў стаць лепшым гульцом і бамбардзірам каманды.

Сорак гадоў свайго жыцця Уладзімір Пятровіч Астахаў аддаў Гомельскаму дзяржаўнаму ўніверсітэту імя Ф. Скарыны, дзе працаваў старшым выкладчыкам на кафедры фізічнага выхавання. Разам са студэнтамі-футбалістамі тройчы станавіўся чэмпіёнам БССР сярод ВНУ, фіналістам Кубка рэспублікі сярод вытворчых калектываў, удзельнікам Кубка Савецкага Саюза сярод вытворчых калектываў.

Фотасправаздача