На традыцыйную сустрэчу з кіраўніцтвам ВНУ, якая прайшла 12 сакавіка ў канферэнц-зале ўніверсітэта, сабраліся прадстаўнікі студэнцкага актыву, выкладчыкі і дэканы факультэтаў.
Мерапрыемства адкрылася цырымоніяй ўзнагароджання пераможцаў і прызёраў рэспубліканскага фестывалю мастацкай творчасці навучэнскай і студэнцкай моладзі «Арт-вакацыі» і рэспубліканскай выставы сучаснай візуальнай творчасці студэнтаў «Грані творчасці». Дыпломы таленавітай моладзі ўручыў рэктар Сяргей Хахомаў.
Звяртаючыся да студэнтаў, ён адзначыў, што актыўнасць і жаданне праявіць сябе заўсёды будуць заахвочвацца ў сценах нашага ўніверсітэта. Прычым, гэта тычыцца не толькі творчых конкурсаў і праграм міжнароднага абмену, але і навучальнага працэсу, так як 80% экзаменацыйнага бала зарабляецца падчас вучобы ў семестры. Рэктар распавёў, што ў будучыні плануецца паступовае скарачэнне вуснай формы прыёму экзаменаў, што звядзе да мінімуму суб'ектыўнасць ацэнкі выкладчыка. Таксама ён нагадаў студэнтам, што неабходна дэманстраваць арыгінальнасць пры напісанні дыпломных і курсавых праектаў, так як усе працы будуць праходзіць дбайную праверку сістэмай Антиплагиат.
Перад непасрэдным дыялогам кіраўніцтва з калектывам універсітэта прысутныя азнаёміліся з прэзентацыяй яркіх дасягненняў студэнцкай моладзі ГДУ імя Ф. Скарыны, поспехамі ў сферы міжнароднага супрацоўніцтва, планамі па правядзенні рамонтных работ і добраўпарадкавання тэрыторыі ВНУ.
Пытанні, якія ставяцца рэктару і прарэктараў, тычыліся перспектыў развіцця універсітэта, магчымасцяў ўдзелу ў навуковай і інавацыйнай дзейнасці, у міжнародных праектах і праграмах. Студэнты цікавіліся зніжкамі на навучанне, праблемай ільготнага крэдытавання жылля, умовамі пражывання ў інтэрнатах і рознага роду бытавымі пытаннямі.