ГДУ імя Ф.Скарыны і Пекінскі тэхналагічны інстытут падпісалі пагадненне аб супрацоўніцтве

Submitted by ias on пят, 29/03/2019 - 20:59

Подпісы пад дакументам паставілі рэктар універсітэта Сяргей Хахомаў і прарэктар Пекінскага інстытута, ганаровы доктар ГДУ імя Ф. Скарыны Ван Сяофэн падчас візіту кітайскай дэлегацыі ў Гомель.

У дакуменце пазначана больш за 10 пазіцый, па якіх будзе ажыццяўляцца ўзаемадзеянне. Асаблівую ўвагу бакі нададуць пашырэнню навуковага супрацоўніцтва. У якасці прыярытэтных разглядаюцца такія напрамкі, як метаматэрыялы, вакуумныя метады фарміравання пакрыццяў рознага функцыянальнага прызначэння, золь-гель і нанатэхналогіі, мікраэлектроніка і інш.

Гомельскія навукоўцы змогуць праводзіць даследаванні на базе лабараторый Пекінскага інстытута, павышаць эканамічную эфектыўнасць сваіх распрацовак, прасоўваць іх на рынак КНР. Акрамя таго, бакі зацікаўлены ў сумесных навукова-тэхнічных праектах, стварэнні высокатэхналагічных вытворчасцей, узаемным абмене вынікамі даследаванняў, інавацыйнымі напрацоўкамі, якія яны змогуць прадставіць на такіх маштабных пляцоўках, як індустрыяльны парк "Вялікі камень" і інш.

Дакументам прадугледжаны акадэмічны абмен студэнтамі і аспірантамі, арганізацыя двухбаковых стажыровак кіруючых работнікаў і спецыялістаў, павышэнне кваліфікацыі выкладчыкаў і навуковых супрацоўнікаў на базе абодвух устаноў адукацыі, удзел у летніх школах. У перспектыве плануецца распрацоўка праграм атрымання двайных дыпломаў для бакалаўраў, абмяркоўваецца магчымасць стварэння сумесных аспірантуры і навуковай лабараторыі.

Падчас візіту ў наша вну дэлегацыя КНР наведала навуковыя лабараторыі і музеі універсітэта, пакінула подпісы ў кнізе ганаровых гасцей ГДУ імя Ф. Скарыны.

Супрацоўніцтва з Кітаем пачалося ў 1992 годзе. За гэты перыяд адукацыю тут атрымалі звыш 400 кітайскіх грамадзян. Сёння паміж ВНУ і навуковымі цэнтрамі КНР і ГДУ імя Ф.Скарыны падпісана больш за 20 дагавораў аб супрацоўніцтве, у ВНУ навучаецца каля 30 кітайскіх грамадзян, больш за 100 слухачоў вывучаюць кітайскую мову на базе універсітэта.

Фота Уладзіміра Чысцікa

Фотасправаздача