Лекцыі польскага прафесара Я. Мірановіча на гістарычным факультэце

Submitted by sz on сер, 25/09/2019 - 09:26

24 верасня 2019 года гicтарычны факультэт Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны наведаў вядомы польскi гicторык, загадчык кафедры міжнароднай палітыкі Беластоцкага ўнiверсiтэта доктар гiстарычных навук, прафесар Яўген Мiрановiч. Ён прачытаў дзве лекцыi, якія былі прысвечаны актуальнай для айчыннай гісторыі тэме -  праблеме беларускага бежанства падчас Першай сусветнай вайны і пытанням развіцця беларуска-польскiх адносін у навейшы час. Прафесар Я. Мірановіч на працягу 30 гадоу займаецца вывучэннем гiсторыi Беларусi, ён з’яўляецца аўтарам шэрагу дапаможнікаў па айчыннай гiсторыi, якiмі карыстаюцца таксама беларускiя студэнты-гicторыкi, таму няма нічога дзіўнага, што лекцыі польскага вучонага выклікалі цікавасць з боку студэнтаў і выкладчыкаў гістарычнага факультэта. Апрача заяўленай праблематыкі на сустрэчы са студэнтамі прафесар Я. Мірановіч расказаў пра польскую сiстэму адукацыi, адказаў на пытаннi прысутных.

Пасля лекцый адбыўся навуковы семінар, на якім выкладчыкі гістарычнага факультэта абмеркавалі актуальныя пытанні сумеснай беларуска-польскай гісторыі. Гэтая сустрэча адбылася дзякуючы даўнім сувязям, якія існуюць паміж кафедрай ўсеагульнай гісторыі нашага ўніверсітэта і кафедрай міжнароднай палітыкі Беластоцкага ўніверсітэту. Так, у снежні 2018 г. у рамках беларуска-польскага круглага стала, на якім разглядаліся важныя праблемы гісторыі сумеснай гістарычнай спадчыны ўніверсітэт у Беларстоку наведаў доктар гістарычных навук М.М. Мязга. У ходзе цяперашняга візіта прафесара Я. Мірановіча абмяркоўваліся пытанні далейшага супрацоўніцтва гісторыкаў абодвух ўніверсітэтаў.

Верамееў С.Ф.
намеснік дэкана гістарычнага факультэта 
па навуковай рабоце

Фотасправаздача
Падраздзяленнi