«Восеньскі турнір» для школьнікаў

Submitted by Dmitry_Gorbachev on аўт, 05/11/2019 - 09:16

4 лістапада ў час восеньскіх канікул на філалагічным факультэце (аўд. 2-27) быў арганізаваны «Восеньскі турнір» для школьнікаў. У турніры прынялі ўдзел вучні з розных школ і гімназій горада Гомеля і Гомельскай вобласці (Кармянскі раён, Петрыкаўскі раён, Калінкавіцкі раён, Жыткавіцкі раён, Чачэрскі раён, Гомельскі раён). Усяго 28 вучняў 8-х, 9-х і 11-х класаў. Вялікую дапамогу ў арганізацыі вучняў аказала метадыст вучэбна-метадычнага аддзела гуманітарных дысцыплін ГАІРА Ірына Даўгулёва, якая непасрэдна зацікаўлена ў адборы таленавітых дзяцей для ўдзелу ў абласным і рэспубліканскім этапах алімпіяды па беларускай мове і літаратуры.

У праграму турніра ўваходзіла знаёмства з факультэтам, экскурсія ў музей «Alma-mater», правядзенне алімпіяды па беларускай мове і літаратуры з яе разборам і ўзнагародай пераможцаў, заняткі па падрыхтоўцы да напісання водгуку на вершаваны твор.

З рэкламай факультэта выступілі дэкан факультэта Алена Палуян, намеснік дэкана па выхаваўчай рабоце Алена Кастрыца, намеснік дэкана па прафарыентацыйнай рабоце Зоя Шведава.

Вучняў пазнаёмілі з гісторыяй факультэта, расказалі і праілюстравалі, як на факультэце шануецца і захоўваецца памяць пра знакамітых выпускнікоў, пра далёкую і блізкую гісторыю факультэта. Загадчык кафедры беларускай літаратуры, д.ф.н. прафесар Іван Штэйнер правёў вельмі цікавую экскурсію вучням у музеі «Alma-mater», дзе сабраны матэрыялы пра выпускнікоў філалагічнага факультэта, што сталі знакамітымі пісьменнікамі, паэтамі, а таксама пра выбітных пісьменнікаў Гомельшчыны.

Па выніках правядзення алімпіяды па беларускай мове і літаратуры былі праведзены яе праверка дацэнтамі кафедры беларускай мовы Аленай Ермаковай, Ліліяй Паплаўнай і Зояй Шведавай. Разбор заданняў алімпіяды правяла Лілія Паплаўная. Пераможцамі алімпіяды сталі:

  • 1 месца – Гусакова Ксенія (вучаніца 11 класа ДУА «Сярэдняя школа №7 г. Калінкавічы»);
  • 2 месца – Руцкая Марыя (вучаніца 8 класа ДУА «Гімназія №71 г. Гомеля»);
  • 3 месца – Балахонава Анастасія (вучаніца 9 класа ДУА «Сярэдняя школа №69 г. Гомеля»).

Пераможцы былі ўзнагароджаны прызамі.

Дацэнт кафедры беларускай мовы Людміла Мінакова правяля заняткі па падрыхтоўцы да напісання водгуку на вершаваны твор на прыкладзе верша Сяргея Законнікава «Хлеб», прысвечанага Рыгору Барадуліну. Такую падрыхтоўку вучні і іх настаўнікі, якія таксама прысутнічалі на занятках і разборы алімпіядных заданняў, прызналі вельмі патрэбнай і былі ўдзячны выкладчыкам.

Дарагія выпускнікі, на філалагічным факультэце вы многаму навучыцеся, будзеце жыць цікава, творча. Мы будзем рады бачыць вас сваімі студэнтамі. Чакаем Вас!

Фотасправаздача