З рабочым візітам ГДУ імя Ф. Скарыны наведаў міністр інфармацыі Рэспублікі Беларусь Аляксандр Карлюкевіч. У межах правядзення адзінага дня інфармавання «Сацыяльна-эканамічны стан рэгіёнаў і перспектывы іх развіцця» Аляксандр Мікалаевіч сустрэўся з кіраўніцтвам універсітэта, выкладчыкамі і студэнтамі. Размова прайшла ў фармаце адкрытага дыялогу.
Маладыя людзі адразу сталі задаваць міністру хвалюючыя пытанні: пра друкаваныя і электронныя фарматы перыядычных выданняў, ролю і месца беларускай мовы, літаратуры ў жыцці краіны, уплыў СМІ на грамадскую думку, нацыянальную самасвядомасць і многае іншае. Аляксандр Карлюкевіч падкрэсліў, што сучасная рэдакцыя газеты павінна быць шматфункцыянальным механізмам, выпрацоўваць самыя розныя прадукты, знаходзіцца адначасова і ў сацыяльных сетках, і на відэаканалах.
– У папяровым выданні ў большай ступені павінны прысутнічаць экспертныя меркаванні, – лічыць Аляксандр Мікалаевіч. – Калі гаварыць пра маё асабістае стаўленне, павестку дня сёння складае ўсё, што адбываецца ў сацыяльным, культурным, палітычным і эканамічным жыцці чалавека і грамадства. А галоўны рэдактар, які фарміруе павестку дня, – гэта чытач, глядач ці слухач.
Міністр інфармацыі Рэспублікі Беларусь Аляксандр Карлюкевіч таксама адзначыў, што лічыць падобныя сустрэчы з выкладчыкамі і студэнтамі вельмі важнымі. Пасля карыснага для ўсіх дыялогу для ганаровага госця была арганізавана экскурсія на філалагічным факультэце. Аляксандр Мікалаевіч наведаў літаратурны музей «Alma-Mater», Цэнтр вывучэння кітайскай мовы, літаратурна-асветніцкі цэнтр “Патрыётыка”.
Кацярына КАВАЛЕНКА
Фота аўтара
https://gp.by/category/novosti/obshchestvo/news212979.html