26-27 снежня ў магілёўскім спарткомплексе “Алімпіец” адбыўся 24-ы розыгрыш Кубка Рэспублікі Беларусь па баскетболе сярод мужчынскіх каманд, у якім удзельнічалі чатыры мацнейшыя зборныя краіны.
У паўфінале дзейсныя ўладальнікі Кубка і чэмпіёны Беларусі “Цмокi-Мінск” разграмілі баскетбалістаў “Гродна-93”.
У вырашальным паядынку з першых хвілін і да фінальнага свістка ігракі трымалі фанатаў у напружанні і радавалі захапляльнай гульнёй, на працягу якой пастаянна мяняўся лідар. Толькі ў авертайме больш дасведчаным мінскім «Цмокам» атрымалася перамагчы гаспадароў турніру, баскетбалістаў магілёўскага «Барысфена» і стаць уладальнікам галоўнага трафея – Кубка Беларусі.
Бронзу заваяваў віцебскі «Рубон», які нечакана абыграў у паядынку за трэцяе месца “Гродна-93”.
У складзе пераможцаў уладальнікам Кубка Рэспублікі Беларусь стаў студэнт 3 курса факультэта фізічнай культуры нашага ўніверсітэта, майстар спорту міжнароднага класа Андрэй Рагозенка.
Віншуем Андрэя з паспяховым выступленнем і жадаем далейшых перамог на рэспубліканскіх і міжнародных спаборніцтвах!
Марына Кажадуб,
кіраўнік спартыўнага прэс-цэнтра