На базе Гомельскага дзяржуніверсітэта адбыўся другі абласны злёт юных журналістаў і блогераў. Некалькі дзясяткаў яшчэ зусім маладых талентаў сабраліся ў канферэнц-зале, каб павысіць свой узровень інтэрнэт-пісьменнасці, даведацца пра трэндавыя формы кантэнту для моладзі і г.д.
З прывітальным словам ад кіраўніцтва ўніверсітэта да прысутных звярнуўся прарэктар па выхаваўчай рабоце Юрый Нікіцюк. Юрый Валер'евіч падзякаваў прысутных за актыўную жыццёвую пазіцыю, расказаў пра асноўныя аспекты работы і перадавыя спецыяльнасці вядучай ВНУ Палесся, а таксама пажадаў поспехаў і пастаяннага творчага пошуку. Да ўсяго іншага, да юных талентаў і іх бацькоў звярнулася дэкан філалагічнага факультэта Алена Палуян, якая адзначыла блізкасць інтарэсаў прысутных з мадэллю навучання на філфаке. У даданне да сказанага Аленай Мікалаеўнай студэнты-старшакурснікі прадэманстравалі прэзентацыю пра родны факультэт.
У праграме мерапрыемстваў злёту для хлопцаў і дзяўчат таксама былі арганізаваны экскурсіі на ААТ «Гомсельмаш», у рэдакцыю абласной газеты «Гомельская праўда» і ў Гомельскі абласны музей ваеннай славы. Фінальнай кропкай маршруту стала Гомельская абласная ўніверсальная бібліятэка імя У.І. Леніна, дзе ўдзельнікі пагутарылі з экспертамі і падвялі вынікі другога злёту юных журналістаў і блогераў.