Сярод новых спецыяльнасцей, адкрытых сёлета ў Гомельскім дзяржаўным універсітэце імя Ф.Скарыны, адной з найбольш папулярных стала “Прыкладная інфарматыка (праграмнае забеспячэнне камп’ютарных сістэм)” са спецыялізацыяй “Мультымедыйныя сістэмы і інтэрнэт-праграмаванне”. Рыхтаваць спецыялістаў па гэтым напрамку пачалі на факультэце матэматыкі і тэхналогій праграмавання.
Яшчэ сем месяцаў назад першакурснік Алег Сяменчык здаваў цэнтралізаванае тэсціраванне і хваляваўся пра паступленне ва ўніверсітэт. Юнак кажа, што спецыяльнасць выбраў даўно, нават не сумняваючыся ў сваім прызванні — быць праграмістам.
— Калі я скончыў сярэднюю школу № 72 Гомеля, паўстаў выбар, куды паступаць. З будучай прафесіяй я ўжо вызначыўся, думаў толькі над тым, ехаць у сталіцу ці застацца ў родным горадзе. Я быў вельмі рады адкрыццю ў Гомельскім дзяржаўным універсітэце спецыяльнасці “Прыкладная інфарматыка (праграмнае забеспячэнне камп’ютарных сістэм)”. Нягледзячы на конкурс і даволі высокі прахадны бал, у мяне атрымалася паступіць на бюджэт, — прызнаецца Алег.
Сёння юнак вучыцца на адным са старэйшых факультэтаў ГДУ, стараста групы. Ён працягвае займацца спортам, як і ў школьныя гады, і ні кроплі не шкадуе аб сваім выбары. Алегу падабаецца, што акрамя высокага ўзроўню праграмавання, навучанне ўключае грунтоўную матэматычную базу. І гэта не дзіўна, бо факультэт матэматыкі і тэхналогій праграмавання ГДУ імя Ф.Скарыны вядомы сваімі навуковымі школамі, якія атрымалі сусветнае прызнанне.
— На факультэце працуе Гомельская алгебраічная школа, заснаваная акадэмікам АН БССР Сяргеем Чуніхіным, дзейнасць якога працягнуў член-карэспандэнт НАН Беларусі прафесар Леанід Шамяткоў. Створаны навуковыя школы па мультыплікатыўных сетках масавага абслугоўвання, камп’ютаметрыцы і імітацыйным мадэляваннi складаных сістэм, навуковая школа па штучным інтэлекце і камп’ютарных нейронных сетках і інш. Вучэбны працэс забяспечваюць 10 дактароў навук, 34 кандыдаты навук, 10 старшых выкладчыкаў. У нас 10 замежных арганізацый-партнёраў, штогод друкуем каля 40 публікацый у высокарэйтынгавых міжнародных выданннях. За гады існавання на факультэце падрыхтавана больш за 8 тысяч спецыялістаў, — расказвае дэкан факультэта Сяргей Жогаль.
Дэкан факультэта матэматыкі і тэхналогій праграмавання Сяргей ЖОГАЛЬ:
“Для забеспячэння якасці і даступнасці спецыяльных дысцыплін у вучэбны працэс укараняюцца інавацыйныя тэхналогіі, выкладчыкі факультэта распрацоўваюць мультымедыйныя курсы лекцый. Мы выкарыстоўваем усе магчымасці, каб садзейнічаць развіццю матэматычных здольнасцей, вынаходлівасці і навыкаў каманднай работы студэнтаў”.
Зараз на факультэце вядзецца падрыхтоўка студэнтаў у галіне фундаментальных і спецыяльных матэматычных дысцыплін, прыкладных пытанняў матэматыкі, інфарматыкі, выкарыстання сучасных інфармацыйных тэхналогій у прафесійнай дзейнасці. Гэта дазваляе маладым людзям паспяхова асвойваць новыя тэхналогіі, курсы мадэлявання, абароны інфармацыі і крыптаграфіі, прыняцця аптымальных рашэнняў.
— Факультэт матэматыкі і тэхналогій праграмавання ГДУ — адзін з найбуйнейшых ў краіне па падрыхтоўцы ІТ-спецыялістаў, — працягвае размову Сяргей Пятровіч. — Сумесна з ІТ-кампаніямі мы прапануем студэнтам магчымасць бясплатна вучыцца на адукацыйных трэнінгах з выдачай міжнародных сертыфікатаў па асноўных напрамках сучаснага праграмавання, забяспечваем маладым спецыялістам паспяховае працаўладкаванне.
Падчас навучання для студэнтаў арганізоўваюцца сустрэчы з прадстаўнікамі вядучых ІТ-кампаній. Будучыя праграмісты рэгулярна наведваюць трэнінгі і семінары кампаній ЕРАМ Systems, “ІВА-Гомель-Парк”, Exadel. З работадаўцамі ўзгадняюцца праграмы асноўных дысцыплін і спецыялізацый у галіне інфармацыйных тэхналогій. Курсы рэгулярна абнаўляюцца і дапаўняюцца. Такім чынам, адразу пасля заканчэння ўніверсітэта выпускнікі ўжо здольны працаваць з рэальнымі праектамі.
Значны ўклад у справу падрыхтоўкі высокакваліфікаваных ІТ-спецыялістаў уносяць загадчыкі выпускаючых кафедр: кандыдат тэхнічных навук дацэнт Ларыса Марчанка, кандыдат фізіка-матэматычных навук дацэнт Дзмітрый Кузьмянкоў, доктар тэхнічных навук прафесар Віктар Смародзін.
Загадчык кафедры фундаментальнай і прыкладной матэматыкі Ларыса Марчанка прыводзіць прыклад плённага супрацоўніцтва з IBA Group:
— У першым семестры гэтага навучальнага года быў праведзены цыкл штотыднёвых вучэбных семінараў “Асновы кіравання праектамі ў сферы інфармацыйных тэхналогій” для студэнтаў і магістрантаў факультэта. Лектарам выступіў начальнік аддзела рашэнняў па кіраванні інфармацыяй і інфраструктурай IBA Group Леў Іцхакі. На семінары разглядаліся пытанні крытэрыяў паспяховасці праекта, прынцыпы работы ў камандзе. Абапіраючыся на асабісты прафесійны вопыт, лектар абгрунтоўваў этапы планавання, мадэлі жыццёвага цыкла праекта, фарміравання кошту і многія іншыя сітуацыі. Па заканчэнні слухачы здавалі тэст і абаранялі аўтарскія праекты, а потым атрымалі сертыфікаты.
Падобныя сумесныя семінары з прадстаўнікамі кампаній, конкурсы і спаборніцтвы ІТ-праектаў розных узроўняў праводзяцца на факультэце рэгулярна. Яны з’яўляюцца важным складнікам падрыхтоўкі будучых спецыялістаў у галіне інфармацыйных тэхналогій.
Што да спецыяльнасці “Прыкладная інфарматыка (праграмнае забеспячэнне камп’ютарных сістэм)”, то яе выпускнікі будуць працаваць праграмістамі, праекціроўшчыкамі інфармацыйных сістэм, менеджарамі праграмных праектаў, спецыялістамі па тэсціраванні праграмных прадуктаў, кіраўнікамі праектаў па распрацоўцы праграмнага забеспячэння, выкладчыкамі ў галіне інфармацыйных тэхналогій. Сяргей Жогаль падкрэслівае, што прадпрыемствы і арганізацыі зацікаўлены ў падобных спецыялістах.
Кацярына КАВАЛЕНКА.
Фота аўтара
https://abituryent.ng-press.by/it-navuka-i-kamandnaya-rabota/