Зімовыя канікулы на геафаку ГДУ

Submitted by ias on пан, 18/01/2021 - 16:01

З 28 снежня па 5 студзеня на геолага-геаграфічным факультэце прайшоў ПРОФІнтэнсіў «Зімовыя канікулы на геафаку ГДУ». Ён аб’яднаў у сябе некалькі анлайн-і афлайн-сустрэч, што дазволіла прыцягнуць увагу да факультэту і школьнага прадмета геаграфія.

28 снежня свае ўзнагароды атрымалі знаўцы геаграфіі па выніках Геаграфічнага дыктанта – 2020, які штогод праводзіць Рускае геаграфічнае таварыства. У гэты раз у Міжнароднай асветніцкай акцыі прынялі ўдзел 144 навучэнца школ Гомельскай вобласці. Расійскі цэнтр навукі і культуры ў Гомелі традыцыйна адзначыў памятнымі прызамі і дыпломамі навучэнцаў, якія набралі максімальную колькасць балаў. Яшчэ 10 чалавек заахвочаны падзякамі і сувенірамі ад Гомельскага аддзела Беларускага геаграфічнага таварыства. Быў таксама адзначаны і самы малодшы ўдзельнік – навучэнец 6 класа СШ № 59 г. Гомеля. У цырымоніі ўзнагароджання прымаў удзел прадстаўнік Рассупрацоўніцтва Ісаенка Алег Канстанцінавіч. Для ўсіх прысутных загадчык кафедры геалогіі і геаграфіі Паўлоўскі А.І правёў экскурсію па факультэце і ў геалагічным музеі.

29 снежня для аматараў геаграфіі была праведзена анлайн-віктарына «Ведаеш геаграфію Беларусі?». Паступіла больш за 170 заявак, аднак у адведзены інтэрвал часу свае адказы паспелі адправіць толькі 108 вучняў. Пры гэтым тры ўдзельнікі адказалі дакладна на ўсе пытанні. Віктарына ахоплівала ўсе раздзелы геаграфіі Беларусі: пытанні пра вядомых вандроўцаў, выхадцаў з Беларусі, прыроду, насельніцтва, прамысловасць, сельскую гаспадарку, транспарт, славутасці нашай краіны і інш. Мерапрыемства атрымала вялікую колькасць станоўчых водгукаў.

30 снежня на анлайн-пляцоўцы ZOOM адбылася сустрэча навучэнцаў школ са студэнтамі, выкладчыкамі і выпускнікамі геолага-геаграфічнага факультэта. Школьнікі змаглі задаць пытанні пра студэнцкае жыццё і вучобу на факультэце, а студэнты ў сваю чаргу падзяліцца сваімі ўражаннямі. У мерапрыемстве прыняла ўдзел выпускніца факультэта 2003 года, кандыдат біялагічных навук, вядучы навуковы супрацоўнік лабараторыі арніталогіі ДНВА «НПЦ НАН Беларусі па біярэсурсах» Карліёнава М.В. Асаблівую актыўнасць праявілі навучэнцы сярэдняй школы № 11 г. Жлобіна: яны падключыліся да гутарцы цэлым класам.

4 студзеня выкладчыкі факультэта правялі анлайн-кансультацыю па падрыхтоўцы да цэнтралізаванага тэсціравання па геаграфіі. Абмяркоўваліся тэмы школьнай праграмы, на якія трэба звярнуць асаблівую ўвагу пры падрыхтоўцы, методыкі сістэматызацыі матэрыялу і рабоце з геаграфічнай картай.

5 студзеня ў сцянах факультэта віталі пераможцаў віктарыны па геаграфіі Беларусі. Каштоўныя прызы і дыпломы ад Гомельскага абласнога аддзела грамадскага аб’яднання «Беларускае геаграфічнае таварыства» атрымалі 22 юных географа. За цеснае і плённае супрацоўніцтва з факультэтам і геаграфічным таварыствам удзячнасцю і каштоўным падарункам адзначана сярэдняя школа № 11 г. Жлобіна.

Зімовыя канікулы на геолага-геаграфічным факультэце былі «гарачымі». Больш за 200 навучэнцаў школ Гомельскай, Магілёўскай, Брэсцкай і Віцебскай абласцей актыўна ўдзельнічалі ва ўсіх мерапрыемствах. Гэта было весела, цікава і пазнавальна.

Разам з сустрэчамі і інтэлектуальнымі мерапрыемствамі для будучых абітурыентаў былі падрыхтаваны відэаролікі аб практыках, якія праводзяцца на факультэце, дысцыплінах, выпускніках розных гадоў, студэнцкім жыцці і шмат іншым. На працягу канікул усе матэрыялы рэгулярна публікаваліся ў групе ГеаАкадэмія (https://vk.com/geoakademia_ggu). Там таксама можна знайсці відэасправаздачы ўсіх сустрэч.

 

 

Фотасправаздача