Спецыялістаў па камп’ютарнай бяспецы і кітаістаў пачнуць рыхтаваць у Гомельскім дзяржуніверсітэце (сайт БелТА)

Submitted by Dmitry_Gorbachev on чцв, 21/01/2021 - 17:17

“На факультэце фізікі і інфармацыйных тэхналогій будзе набор на спецыяльнасць “Камп'ютарная бяспека”. Абітурыентам, якія жадаюць атрымаць кваліфікацыю “Спецыяліст па абароне інфармацыі. Радыёфізік” трэба будзе здаць ЦТ па фізіцы і матэматыцы, беларускай або рускай мове”, – адзначыў Андрэй Кліменка.

Па словах дэкана факультэта фізікі і інфармацыйных тэхналогій Дзмітрыя Каваленка, у цяперашні час усё больш узрастае актуальнасць пытанняў бяспекі ў інфармацыйнай сферы. “Неабходна весці пастаянны пошук сродкаў і метадаў камп’ютарнай і інфармацыйнай абароны дадзеных. Гэта ў сваю чаргу звязана з неабходнасцю перагляду метадаў, сродкаў і тэхналогій навучання і патрабуе адкрыцця новых спецыяльнасцей”, – лічыць дэкан.

Дзмітрый Каваленка звярнуў увагу, што і прыватныя, і дзяржаўныя прадпрыемствы ўсё часцей сутыкаюцца з патрэбай у спецыялістах, якія ведаюць прынцыпы распрацоўкі і прымянення праграмна-апаратных, крыптаграфічных і тэхнічных сродкаў абароны інфармацыйных і камп’ютарных сістэм. “У гэтай сувязі адкрыццё новай спецыяльнасці па камп’ютарнай бяспецы з’яўляецца вельмі актуальным. Студэнты атрымаюць веды і навыкі работы з мадэлямі, метадамі, праграмнымі сродкамі, сістэмамі абароны інфармацыі пры яе апрацоўцы, захоўванні і перадачы з выкарыстаннем розных тэхналогій. Вывучаць матэматычнае, праграмнае і апаратнае забеспячэнне сучаснай вылічальнай тэхнікі і сістэм тэлекамунікацый”, – расказаў дэкан.

Для падрыхтоўкі кадраў па гэтай спецыяльнасці адкрыюць дадатковы камп’ютарны клас, заняткі будуць праходзіць таксама ў спецыялізаваных навучальных лабараторыях.

“Набор на дзве новыя спецыяльнасці пачнуць і на філалагічным факультэце: “Беларуская мова і літаратура. Замежная мова (англійская)” і “Руская мова і літаратура. Замежная мова (кітайская)”, – праінфармаваў адказны сакратар прыёмнай камісіі.

Выпускнікі, якія зацікавяцца здвоенымі спецыяльнасцямі, будуць здаваць ЦТ па рускай ці беларускай мове, ЦТ па замежнай мове, а таксама пісьмовае выпрабаванне па літаратуры – беларускай або рускай у залежнасці ад профілю. Дэкан філалагічнага факультэта Алена Палуян падкрэсліла, што без уступных выпрабаванняў паступаюць выпускнікі профільных класаў педагагічнай накіраванасці – яны праходзяць толькі сумоўе ва ўніверсітэце.

“У мінулым годзе ўжо ажыццяўляўся першы набор на спецыяльнасць “Руская мова і літаратура. Замежная мова (англійская)”. У гэтым годзе да англійскай дадасца кітайская мова. Пры паступленні абітурыенту трэба будзе вызначыцца, якую мову вывучаць: англійскую або кітайскую”, – дадала дэкан. -0-

https://www.belta.by/regions/view/spetsialistov-po-kompjjuternoj-bezopasnosti-i-kitaistov-nachnut-gotovit-v-gomelskom-gosuniversitete-425003-2021/