У канферэнц-зале ГДУ імя Ф. Скарыны адбылося пашыранае пасяджэнне Савета ўніверсітэта

Submitted by ias on сер, 27/01/2021 - 16:29

У пачатку мерапрыемства перад членамі Савета выступіла кіраўнік Расійскага цэнтра навукі і культуры ў Гомелі Н.А. Авралёва. Яна павіншавала вучоных з надыходзячым Днём навукі і ўручыла падзякі даследчыкам, якія актыўна супрацоўнічаюць з расійскімі калегамі. Узнагародай РЦНК была адзначана к.ф.-м.н., дацэнт А.В. Семчанка. Наталля Аляксандраўна таксама перадала рэктару ўніверсітэта С.А. Хахомаву бронзавы бюст савецкага фізіка, вынаходніка атамнай бомбы, акадэміка АН СССР Ігара Курчатава. Скульптура падаравана ГДУ імя Ф. Скарыны ў рамках міжнароднай гуманітарнай акцыі пры падтрымцы расійскага атамнага энергапрамысловага комплексу і Рассупрацоўніцтва.

Па традыцыі на святочным пасяджэнні былі агучаны вынікі агульнаўніверсітэцкіх конкурсаў, адзначаны пераможцы ў розных намінацыях. Граматай Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь узнагароджаны вядучы навуковы супрацоўнік навукова-даследчага сектара, к.т.н., дацэнт Д.Г. Піліпцоў.

Па выніках універсітэцкага конкурсу на лепшы навуковы артыкул (цыкл артыкулаў) з імпакт-фактарам першае месца сярод аўтарскіх калектываў дасталася групе вучоных у складзе дырэктара навукова-даследчага фізіка-хімічнага інстытута, д.х.н., прафесара, члена-карэспандэнта НАН Беларусі А.У. Рагачова, к.т.н., дацэнта Д.Г. Піліпцова, д.т.н., дацэнта М.А. Ярмоленка. У індывідуальнай катэгорыі першае месца заняў рэктар універсітэта, д.ф.-м.н., дацэнт С.А. Хахомаў. Другое месца падзялілі прарэктар па вучэбнай рабоце, д.ф.-м.н., прафесар І.В. Семчанка, прафесар кафедры АСАI, д.ф.-м.н., дацэнт У.А. Зыкуноў, дацэнт кафедры батанікі і фізіялогіі раслін, к.б.н., дацэнт А.Г. Цурыкаў. Прэмія за колькасць артыкулаў прысуджана прафесару кафедры алгебры і геаметрыі, д.ф.-м.н., прафесару В.С. Манахаву.

Пераможцам конкурсу на лепшую дысертацыйную работу, абароненую ў 2020 годзе, прызнаны старшы выкладчык кафедры алгебры і геаметрыі В.І. Мурашка. Міжнародная Кітайска-Беларуская навуковая лабараторыя па вакуумна-плазменных тэхналогіях рэалізавала лепшы міжнародны навукова-даследчы праект 2020 года, накіраваны на павелічэнне долі экспарту навукаёмістай прадукцыі. Праблемная навукова-даследчая лабараторыя перспектыўных матэрыялаў была адзначана за дзейнасць, накіраваную на ўкараненне вынікаў даследаванняў у рэальныя сектары эканомікі.

Вучоныя ГДУ імя Ф. Скарыны павіншавалі СНДЛ «Альянс» і яе навуковага кіраўніка, к.пед.н., дацэнта Т.Г. Шацюк з атрыманнем гранта спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў.

Аб дасягненнях вучоных, студэнтаў, аспірантаў і магістрантаў універсітэта, важных падзеях навуковага жыцця, супрацоўніцтве з навуковымі і навучальнымі цэнтрамі розных краін свету аўдыторыі расказаў прарэктар па навуковай рабоце, д.т.н., прафесар А.М. Дземідзенка. Члены Савета абмеркавалі вынікі навукова-інавацыйнай дзейнасці кафедраў і факультэтаў у мінулым годзе, вызначылі задачы на 2021 год.

Згодна рэйтынгу па навуковай рабоце сярод кафедраў універсітэта, у тройку лідараў увайшлі кафедра оптыкі, кафедра радыёфізікі і электронікі, кафедра эканамічнай тэорыі і сусветнай эканомікі. Факультэт фізікі і інфармацыйных тэхналогій, біялагічны і эканамічны факультэты ўзначалілі рэйтынг па навуковай рабоце сярод факультэтаў.

З кароткімі паведамленнямі выступілі лаўрэаты конкурсу навуковых работ «Скарынінскія навуковыя чытанні – 2020». Імі сталі дацэнт кафедры агульнай фізікі, к.ф.-м.н., дацэнт А.Л. Самафалаў, дэкан геолага-геаграфічнага факультэта, к.г.-м.н., дацэнт А.П. Гусеў, дацэнт кафедры тэорыі і гісторыі дзяржавы і права, к.ю.н., дацэнт А.Э. Набатава, старшы выкладчык кафедры алгебры і геаметрыі В.І. Мурашка.

З дакладам пра перспектывы стварэння кафедры міжкультурных камунікацый і міжнароднага турызму выступіў дэкан гістарычнага факультэта, к.г.н, дацэнт С.А. Чарапко. На пасяджэнні абмяркоўваліся і іншыя важныя пытанні, якія тычацца дзейнасці ўніверсітэта.

Кацярына КАВАЛЕНКА

Фота Андрэя ВЯЛІКАГА

https://blr-gomel.rs.gov.ru/ru/news/83707