За дыпломам юрыста – у ГДУ імя Ф. Скарыны

Submitted by ias on пан, 01/02/2021 - 11:00

Геаграфія міжнародных сувязяў Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны пастаянна пашыраецца. На сённяшні дзень ва ўніверсітэце дзейнічае 177 дагавораў аб супрацоўніцтве з замежнымі ўніверсітэтамі і арганізацыямі больш чым з 25 краін свету. У ліку найбольш маладых партнёраў ГДУ – адукацыйныя і навуковыя цэнтры Узбекістана.

Як паведамляе дэкан факультэта завочнага навучання і давузаўскай падрыхтоўкі Дзмітрый Хадановіч, ва ўніверсітэце ўжо навучаецца каля 10 студэнтаў з сонечнай краіны. Заключаны дагаворы аб супрацоўніцтве з Ташкенцкім дзяржаўным юрыдычным універсітэтам, Малой ваенна-спартыўнай акадэміяй «OLTIN QALQON». Навукоўцы з Гомеля і Ташкента рэгулярна праводзяць сумесныя навуковыя канферэнцыі.

– У выніку прадуктыўнага ўзаемадзеяння вучэбна-навуковых цэнтраў дзвюх краін у абітурыентаў з Узбекістана ўзнікае жывы інтарэс да атрымання вышэйшай адукацыі ў адной з вядучых ВНУ Беларусі – Гомельскім дзяржуніверсітэце, – кажа Дзмітрый Аляксандравіч.

Важную ролю ў прыцягненні замежных студэнтаў іграе актыўная работа аддзела міжнародных сувязяў па суправаджэнні прыезду з Узбекістана, прафесійнае рашэнне ўсіх фармальнасцей, звязаных са знаходжаннем замежных грамадзян у Беларусі.

Большасць узбекскіх студэнтаў выбіраюць для навучання юрыдычны факультэт ГДУ. Гэта звязана з тым, што на радзіме ў іх няма магчымасці атрымаць дыплом юрыста на завочнай форме навучання.

– Хумаюнхон Абрархонавіч прыехаў да нас з Ташкента. У яго ўжо ёсць вышэйшая хіміка-тэхналагічная адукацыя, а цяпер жыццё склалася такім чынам, што спатрэбілася яшчэ юрыдычная, – распавядае дэкан юрыдычнага факультэта Ірына Эсмантовіч.

На сустрэчы ў дэканаце замежны студэнт падзяліўся некаторымі фактамі ўласнай біяграфіі:

– Я працую намеснікам старшыні Асацыяцыі трацейскіх судоў Узбекістана, з’яўляюся суддзёй 1 класа і дарадцам юстыцыі 1 разраду. У мяне ёсць бізнес – лізінгавая кампанія. І яшчэ з задавальненнем займаюся дызайнам столяў.

Па сумяшчальніцтве Хумаюнхон Бурханхужаеў знаходзіць час для працы ў грамадскіх пасадах дарадцы па юрыдычных пытаннях Малой ваенна-спартыўнай акадэміі і намесніка старшыні узбекістанскай ліберал-дэмакратычнай партыі.

– Мне даводзілася бываць у многіх краінах – Турцыі, Дубаі, Саудаўскай Аравіі, Расіі. І хачу сказаць, што нідзе я не сустракаў такой гасціннасці, як у Беларусі. Вы выдатны, адкрыты, шчыры народ! – ад душы захапляецца Хумаюнхон.

Наперадзе ў студэнта некалькі гадоў напружанай вучобы, так пажадаем яму поспехаў! Асобна хочацца падкрэсліць, што кіраўніцтва нашай ВНУ, выкладчыкі і студэнты ствараюць усе ўмовы для таго, каб замежныя студэнты адчувалі сябе ва ўніверсітэце камфортна і бяспечна.

Кацярына КАВАЛЕНКА

Фота Кацярыны Стэцкай

https://gp.by/novosti/obrazovanie/news229889.html

Фотасправаздача