У пачатку 2021 года стыпендыі Прэзідэнта Беларусі былі прызначаны 69 перспектыўным аспірантам з усёй краіны. Сярод іх і прадстаўнік ГДУ імя Ф. Скарыны Алесь Дакукін. Трэці год ён працуе настаўнікам беларускай мовы і літаратуры ў гімназіі № 56 Гомеля імя А. А. Вішнеўскага.
Аспірант Алесь Дакукін лічыць, што творчасць Алеся Разанава адна з самых нетрадыцыйных у літаратуры. Фота аўтара
Чаму я стаў настаўнікам?
Яшчэ падчас вучобы ў светлагорскай сярэдняй школе № 10 мяне вельці зацікавіла Людміла Грыцкова – яна выкладала беларускую мову і літаратуру. Урокі былі вельмі грунтоўныя, так што адразу захацелася з галавой акунуцца ў гэтую прафесію. Пачаў актыўна ўдзельнічаць у алімпіядах, конкурсах. Паступіў на філалагічны факультэт Гомельскага ўніверсітэта, потым пайшоў у магістратуру, зараз у аспірантуры. Прызнаюся, увогуле не ведаю матэматыку і вельмі рад, што не давялося яе вывучаць у ВНУ.
Мае бацькі таксама звязаны з настаўніцкай дзейнасцю: маці была музычным кіраўніком у дзіцячым садку, бацька – настаўнік фізкультуры, бабуля працавала ў школе і ва ўніверсітэце, дзядуля – трэнер. Канешне, яны мяне папярэджвалі, што гэта не самая простая праца, але вельмі цікавая. Зараз мне зразумела, чаму: трэба падабраць індывідуальны падыход да кожнага вучня, таму неабходна выкарыстоўваць розныя метады для тлумачэння матэрыялу.
Як зацікавіць вучняў?
Адно можна сказаць дакладна: навучэнцы вельмі лянуюцца. Ніхто не хоча проста сядзець, чытаць падручнікі і слухаць правілы. Ім патрэбны гульні, прэзентацыі, фільмы або мультфільмы. Адным словам, лепей успрымаюць інфармацыю візуальна. Таму, каб маладое пакаленне чытала, на мой погляд, кнігі павінны быць больш інтэрактыўныя. Напрыклад, акрамя тэксту можна зрабіць нейкія спасылкі, зноскі на старонках, дзе патлумачыць значэнне складанага слова, змясціць партрэт героя, пісьменніка ці іншую дадатковую інфармацыю. Так зрабілі з новымі падручнікамі па мове і літаратуры за пяты клас – тут многа звестак у рамачках, спасылак на электронныя рэсурсы.
Але нельга сказаць, што дзеці ўвогуле не вучацца. Усе з павагай ставяцца да беларускай мовы і літаратуры, заўсёды старанна рыхтуюцца да ўрокаў. Можа, ім нязвыкла, што настаўнік – мужчына, або проста хочуць мець добрыя адзнакі. Для мяне важна, каб кожны раз яны пазнавалі нешта новае. Напрыклад, як сціскаць зубы пры вымаўленні, як раней у кірыліцы называліся літары, чаму «кукольный театр» у беларусаў перакладаецца як «батлейка».
Вучні часта з павагай глядзяць на мяне, калі ў штодзённым жыцці размаўляю па-беларуску. Нават пытаюцца, ці ведаю рускую мову. Тады называю некалькі «слов», каб паверылі.
Чым адметна творчасць Алеся Разанава?
Зараз я працую над дысертацыяй, прысвечанай творчасці сучаснага пісьменніка Алеся Разанава. На маю думку, яго творы і вершы яшчэ недастаткова вывучаны, таму што ён нетрадыцыйны паэт-філосаф і піша не звычайныя рыфмаваныя вершы, а верлібры. Таксама стварае новыя жанры – пункціры, вершаказы, версэты, якіх раней не было ні ў сусветнай, ні ў беларускай літаратуры.
Маё першае знаёмства з гэтым пісьменнікам адбылося нечакана. Яшчэ ў школе патрэбна было купіць кнігу для нашай школьнай бібліятэкі, якая адзначыла юбілей. У кнігарні аднакласнікі выбралі «Вязьмо» Міхася Зарэцкага, але я заўважыў, што побач на палічцы адзінока стаяла кніга Алеся Разанава «Танец з вужакамі», надрукаваная ў 1999 годзе. У той час яна каштавала 520 рублёў (сучасных 5 капеек). Вось так і пачаў чытаць незвычайныя тэксты. Спачатку радкі Разанава выкарыстоўваў падчас школьных алімпіяд, потым ва ўніверсітэце пісаў курсавыя і дыпломныя работы. Атрымліваецца, што ўжо сем гадоў вывучаю яго творчасць.
Мой любімы твор Разанава напісаны ў жанры вершаказаў – «Жорны». Аўтар бярэ нейкае слова і тлумачыць яго, падбірае аднакарэнныя і сугучныя словы. Напрыклад: «Пapoжнiя, жopны cтaяць, aлe кaлi ў ixняe жapaлo ўcыпaeццa xoць бы жмeня зepня, яны aжывaюць, яны paзвapyшвaюццa, яны «жopaюць» пaчacтyнaк, вapoжaчы, штo ўpэшцe з ягo aтpымaeццa, цi кopж, цi aлaдaк, цi пipaжoк». Яшчэ цікавы жанр пункціраў, які можна параўнаць з японскімі хайку – вершамі пра прыроду і з’явы навакольнага асяроддзя.
ТОП-5 кніг, абавязковых для чытання:
- Уладзімір Караткевіч «Дзікае паляванне караля Стаха»
- Васіль Быкаў «Аблава»
- Янка Купала «Тутэйшыя»
- Якуб Колас «Новая зямля»
- Алесь Разанаў «Танец з вужакамі»