“Афганістан – памяць і боль”

Submitted by ias on аўт, 16/02/2021 - 17:06

На базе выставачнай залы ГДУ імя Францыска Скарыны адбылася сустрэча пад назвай “Афганістан – памяць і боль”. Нагадаем, 15 лютага афіцыйна адзначаецца Дзень памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў.

Мерапрыемства, арганізаванае па ініцыятыве СНДЛ «Лабараторыя па даследаванні гісторыі ўніверсітэта» гістарычнага факультэта, сабрала ў зале студэнтаў, супрацоўнікаў, выкладчыкаў і, вядома ж, непасрэдных удзельнікаў вайны ў Афганістане. Для ўсіх прысутных аб сваім асабістым баявым шляху распавёў кавалер ордэна “Чырвоная Зорка” і медалю «За адвагу», некалі выпускнік факультэта фізікі ГДУ Міхаіл Рыгоравіч Жукевіч. Ганаровы госць адзначыў: нават па сканчэнні столькіх гадоў падзеі, якія адбываліся ў той далёкай краіне, трывала сядзяць у памяці былых салдат. Так ужо склалася, што нашчадкі тых, хто ўзняў сцяг Перамогі над Рэйхстагам, прайшлі агністы маршрут Афганістана.

Перад гасцямі выступілі таксама дэкан гістарычнага факультэта Станіслаў Чарапко, асістэнт кафедры гісторыі славян і спецыяльных гістарычных дысцыплін Павел Ждановіч і начальнік аддзела па выхаваўчай працы з моладдзю Міхаіл Бардашэвіч. Міхаіл Мікалаевіч, дарэчы, згадаў, што знаёмы з Міхаілам Рыгоравічам яшчэ са студэнцкіх часоў.

Важным момантам усёй сустрэчы стала праведзеная студэнтамі гістарычнага факультэта Вікторыяй Шамавай і Данілам Рабцавым тэматычная экскурсія па выставе, арганізаванай сумесна з Гомельскім абласным музеем ваеннай славы. Да ўсяго іншага, свае творчыя віншаванні прэзентавалі студэнткі філалагічнага факультэта Таццяна Пімінёнкава і Аляксандра Дрывайла, а таксама салісты студэнцкага клуба Ганна Чарнова і Даніла Плюшчай.

Фотасправаздача