Адукацыя для творчасці і арыгінальнага мыслення (Сайт «Абiтурыент»)

Submitted by Dmitry_Gorbachev on чцв, 18/02/2021 - 15:20

Чацвёртая прамысловая рэвалюцыя абумовіла лічбавізацыю розных сфер жыцця. Кардынальныя змены назіраюцца ўсюды, у тым ліку на рынку эканамічных прафесій. Якімі ведамі і навыкамі павінны валодаць сучасныя фінансісты, каб стаць запатрабаванымі спецыялістамі? Пра гэта мы даведаліся на кафедры фінансаў і крэдыту эканамічнага факультэта Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны.

Будучыя фінансісты ў музеі грошай.

Лічбавізацыя эканомікі

Лічбавая эканоміка спрашчае жыццё ўсім: дапамагае зніжаць выдаткі, павялічвае эфектыў­насць работы прыватных прадпрымальнікаў і дзяржаўных структур, аблягчае штодзённае жыццё грама­дзян. Дзякуючы лічбавізацыі эканомікі, была асвоена тэхналогія “блокчэйн”, шырокае распаўсюджанне атрымалі крыптавалюты, з’явіліся новыя фінансавыя інструменты і механізмы: краўдфандынг і краўдінвестынг, ICO і STO. Загадчык кафедры фінансаў і крэдыту ГДУ Ларыса Дзяргун упэўнена, што шырокае ўкараненне інструментаў лічбавай эканомікі — адна з самых надзённых задач сучаснай Бе­ларусі.

— У найбліжэйшай перспектыве запатрабаванымі будуць фінансісты, якія валодаюць кампетэнцыямі ў прадметных ведах і лічбавых тэхналогіях, а таксама крэатыўнасцю, эмацыянальным інтэлектам і канцэптуальным бачаннем, — гаворыць Ларыса Уладзіміраўна. — З аднаго боку, гэта абумоўлена нязменнасцю базавай сутнасці фінансаў, а з другога — інфарматызацыяй фінансавай сферы, развіццём новых фінансавых інструментаў, глабалізацыяй і пашырэннем сусветных і рэгіянальных фінансавых рынкаў.

Традыцыі і інавацыі

Па-ранейшаму актуальнымі застаюцца і традыцыйныя напрамкі прафесійнай дзейнасці фінансіста. Гэта фінансавы менеджмент, бюджэтаванне, падатковая аптымізацыя, інвестыцыйная дзей­насць, работа на рынку каштоўных папер, у страхавым і банкаўскім бізнесе. Ларыса Дзяргун лічыць, што ў будучыні папулярным напрамкам будзе таксама фінансавы інжынірынг, які прадугледжвае распрацоўку і канструяванне новых фінансавых інструментаў і прадуктаў, тэхналогій і працэсаў. Не менш важны напрамак — фінансавая аналітыка, у прыватнасці, мадэляванне і аналіз дзейнасці кампаніі, тэндэнцый галіны, аналіз рызык.

— Сучасны фінансіст — гэта інтэгратар ведаў. Класічная скіраванасць эканамічнай адукацыі, якая спалучае фундаментальную і прыкладную падрыхтоўку, дазваляе нашым выпускнікам працаваць у любой галіне эканомікі і эфектыўна вытрымліваць канкурэнцыю на рынку працы, — гаворыць Ларыса Уладзіміраўна.

Банкіры і фінансісты

Праграмай навучання прадугледжаны лекцыі і круглыя сталы з удзелам практычных работнікаў фінансавай сферы і падатковых органаў, прэзентацыі кампаній. Студэнты і магістранты актыўна ўключаюцца ў навукова-даследчую дзейнасць. Гэтаму садзейнічае створаная на кафедры студэнцкая навукова-даследчая лабараторыя “Фінансіст і банкір”.

Да размовы далучаецца старшы выкладчык кафедры фінансаў і крэдыту Кацярына Яраш. Яна падкрэслівае, што ўвесь адукацыйны працэс на эканамічным факультэце носіць практыка-арыентаваны характар:

— Студэнты праходзяць стажыроўкі і вытворчыя практыкі ў вядучых арганізацыях Гомеля і рэгіёна: ва ўстановах банкаўскага сектара, аўдытарскіх і страхавых кампаніях, лізінгавых арганізацыях, арганізацыях IT-сферы, падатковых, фінансавых і мытных органах. Юнакі і дзяўчаты ўдзель­нічаюць у навуковых форумах, круглых сталах, вырашаюць бізнес-кейсы, рыхтуюць групавыя праекты і наведваюць майстар-класы.

Напрыклад, у мінулым навучальным годзе студэнты спецыяльнасці “Фінансы і крэдыт” прымалі ўдзел у кейс-чэмпіянаце Business Case Student Competition, арганізаваным БДУ сумесна з найбуйнейшай аўдытарскай кампаніяй KPMG. А ў першым семестры гэтага навучальнага года будучыя фінансісты і банкіры з энтузіязмам стваралі праект для кейс-чэмпіянату “Агра 2.0” Белаграпрамбанка.

Такія спаборніцтвы па рашэнні актуальных бізнес-задач дапамагаюць студэнтам і магістрантам разбірацца ў рэальных бізнес-працэсах, на практыцы прымяняць усе тэарэтычныя веды, працаваць у камандзе, вучыцца структураваць свае ідэі і правільна даносіць іх інвестарам.

Сувязі з прадпрыемствамі

Высокая практыкаарыентаванасць адукацыйнага працэсу — вынік цесных сувязей і актыўнага ўзаемадзеяння з арганізацыямі — заказчыкамі кадраў. Выпускнікі спецыяльнасці “Фінансы і крэдыт” працуюць у банкаўскіх структурах, органах дзяржаўнай улады, аўдытарскіх і страхавых кампаніях, камерцыйных арганізацыях, арганізацыях IT-сферы. А студэнты 3—4 курсаў, якія валодаюць англійскай мовай, асновамі бухгалтарскага ўліку і падаткаабкладання, фінансавага аналізу, могуць стажыравацца ў сусветна вядомай кампаніі KPMG.

— Яны працуюць у аддзеле аўдыту і ў напрамку трансфертнага цэнаўтварэння. А тыя, хто добра зарэкамендаваў сябе падчас стажыроўкі, атрымліваюць прапановы аб працаўладкаванні і магчымасць працягнуць навучанне на эканамічным факультэце па спецыяльнасці “Фінансы і крэдыт” па індывідуальным графіку. Ужо некалькі таленавітых студэнтаў і выпускнікоў спецыяльнасці працуюць у сетцы КPMG, — з гордасцю расказвае загадчык кафедры Ларыса Дзяргун.

Атрыманне адукацыі — толькі першы крок у кар’еры фінансіста. Прафесія патрабуе ад сваіх прадстаўнікоў пастаяннага развіцця, назапашвання новых ведаў, удасканалення навыкаў. Будучыня фінансавай галіны — за амбіцыёзнымі і ўпартымі прафесіяналамі з аналітычным і стратэгічным складам розуму.

  • Ларыса ДЗЯРГУН
  • Марына НАЗАРАВА
  • Канстанцін САЛАВЕЙ
  • Наталля КЛІМАВА

Ларыса ДЗЯРГУН, загадчык кафед­ры фінансаў і крэдыту ГДУ:

“Сучасны фінансіст — гэта інтэгратар ведаў. Класічная скіраванасць эканамічнай адукацыі, якая спалучае фундаментальную і прыкладную падрыхтоўку, дазваляе нашым выпускнікам працаваць у любой галіне эканомікі і эфектыўна вытрымліваць канкурэнцыю на рынку працы”.

Марына НАЗАРАВА, магістрант:

“Навучанне па індывідуальным плане дазволіла мне не ўпусціць свайго шансу і працаўладкавацца ў прэстыжную кампанію яшчэ да заканчэння ўніверсітэта. Мне нават не прыйшлося пераходзіць на завочную форму навучання, і цяпер у мяне і дыплом, і вопыт работы!

Зараз я вучуся ў магістратуры і працую ў КPMG — адной з найбуйнейшых міжнародных кампаній, якая аказвае прафесійныя паслугі ў галіне аўдыту, кансалтынгу і падаткаабкладання ў 146 краінах свету. Дзякуй за гэта выкладчыкам кафедры фінансаў і крэдыту эканамічнага факультэта ГДУ!”

Канстанцін САЛАВЕЙ, выпускнік:

“Пасля заканчэння магістратуры я працаваў у БПС-Ашчадбанку ў блоку рызыкі, аналізаваў пазычальнікаў на прадмет зваротнасці крэдытных сродкаў. Пазней быў кіраўніком праекта па ўкараненні ў банку “хуткіх” крэдытаў для юрыдычных асоб. Праект рэалізаваны і запушчаны ў прамысловую эксплуатацыю.

Зараз працую начальнікам аддзела крэдытнага аналізу малога і мікра-бізнесу ў рэгіянальнай дырэкцыі па Мінску і Мінскай вобласці. Дзякуючы навыкам, атрыманым ва ўніверсітэце, у тым ліку ў студэнцкай навукова-даследчай лабараторыі, у сваёй рабоце я магу знаходзіць нестандартныя рашэнні, ставіць высокія мэты і дасягаць вынікаў”.

Наталля КЛІМАВА, выпускніца:

“У 2020 годзе я скончыла аспірантуру ГДУ. Зараз працую бізнес-аналітыкам у арганізацыі, якая займаецца аўтаматызацыяй бізнесу на базе прадуктаў фірмы 1С. Прафесія вымушае пастаянна ўдасканальвацца ў розных галінах ведаў. Я павінна ўнікаць у асаблівасці вытворчай дзейнасці, парадак налічэння заработнай платы, сачыць за цэнаўтварэннем, налічэннем амартызацыі, узаемадзеяннем з банкамі, мытнямі, органамі статыстыкі… Лічу, што спецыяльнасць “Фінансы і крэдыт” выдатна падыдзе тым, хто хацеў бы будаваць кар’еру ў IT-сферы як бізнес-аналітык.

Я ўдзячна выкладчыкам кафедры за тое, што яны заўсёды падштурхоўвалі да самастойнага пошуку рашэнняў. Менавіта гэты навык дапамагае бізнес-аналітыку арыентавацца ў зменлівым прававым полі і гаварыць з заказчыкам на яго мове”.

Кацярына КАВАЛЕНКА.
Фота аўтара.


Чытаць артыкул на сайце «Абiтурыент»:

https://abituryent.ng-press.by/adukaczyya-dlya-tvorchasczi-i-aryginalnaga-myslennya/

Падраздзяленнi