У ГКЦ ужо 23 раз адбыўся форум студэнцкіх талентаў “Зімовая вясёлка”. Штогод ён збірае лепшыя каманды першакурснікаў з усіх універсітэтаў вобласці.
Тэма ў гэтым годзе – “Студэнты на арбіце”. Яна з’яўляецца своеасаблівай адсылкай да п’есы “Лявоніха на арбіце”, якая належыць пяру слаўнага сына Гомельшчыны, вядомага беларускага драматурга і сцэнарыста Андрэя Макаёнка, 100-годдзе з дня нараджэння якога мы святкавалі летась.
Форум складаецца з некалькіх этапаў, аднак кульмінацыяй і доўгачаканым фіналам з’яўляецца агляд творчых нумароў. Перад пачаткам канцэрту ў холе грамадска-культурнага цэнтра разгарнулася выстава ўніверсітэтаў. Экспазіцыя ГДУ імя Ф. Скарыны, арганізаваная аддзелам моладзевых ініцыятыў і студэнцкага самакіравання і пярвічкай ГА “БРСМ”, уключала асноўныя дасягненні нашай ВНУ. Госці маглі паўдзельнічаць у віктарыне “Падарожнічаем па Беларусі”, а таксама пазнаёміцца з удзельнікамі конкурсу “100 ідэй для Беларусі” і непасрэдна з самім праектам.
На канцэртнай праграме, падрыхтаванай пры садзейнічанні студэнцкага клуба, студэнты Гомельскага дзяржуніверсітэта паказалі сябе ва ўсёй красе. Касмалёт, яркія касцюмы, арыгінальнае музычнае і гукавое суправаджэнне і, безумоўна, бліскучая гульня акцёраў з відавочным імкненнем да перамогі.
Журы па вартасці ацаніла наш універсітэт: каманда ГДУ – пераможца адразу ў чатырох намінацыях! Першакурснікі сталі ўладальнікамі дыпломаў “Лепшая спартыўная каманда”, “Танцавальны выбух”, “Арт-імправізацыя” (за відэа “Крушэнне карабля”). Да ўсяго іншага, індывідуальнай узнагароды ў намінацыі “З песняй па жыцці” ўдастоена Эмілія Епіхіна.
Мы з гонарам віншуем нашых студэнтаў і жадаем ім далейшых поспехаў і заваявання новых вяршыняў у падарожжы па творчай арбіце талентаў!