Рэспубліканская ўніверсіяда па міні-футболе

Submitted by ias on пан, 01/03/2021 - 11:07

З 22 па 26 лютага ў Мінску ў рамках праграмы Рэспубліканскай універсіяды прайшлі спаборніцтвы па міні-футболе сярод мужчын. У ліку 12 каманд-удзельніц групы “А” гуляла зборная нашага ўніверсітэта.

На групавым этапе каманда ГДУ пад кіраўніцтвам старшага выкладчыка М.С. Марцьянава і старшага выкладчыка Ю.А. Грыгор’ева выйграла ў футбалістаў Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта з лікам 6:2.

Аднак ва ўпартым паядынку (пры неадназначным судзейскім рашэнні), прапусціўшы мяч на апошняй хвіліне, нашы хлопцы прайгралі камандзе Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта 0:1, страціўшы магчымасць трапіць у чацвёрку наймацнейшых.

У матчах за 5-8 месца камандай ГДУ былі паслядоўна пераможаны зборныя Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта (2:1) і Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта (3:1).

Лепшым бамбардзірам турніру ў складзе нашай каманды стаў студэнт факультэта завочнага навучання і давузаўскай падрыхтоўкі Іван Драздоў, які забіў у вароты сапернікаў шэсць мячоў.

Віншуем хлопцаў і іх трэнераў з добрай гульнёй і жадаем далейшых поспехаў!

Марына Кажадуб,

кіраўнік спартыўнага прэс-цэнтра

Фотасправаздача