26 лютага ў Мінску сабраліся прадстаўнікі ўсіх спартыўных грамадскіх арганізацый краіны, трэнеры, спартсмены, дырэктары рэспубліканскіх цэнтраў алімпійскай падрыхтоўкі, намеснікі губернатараў, кіраўнікі дзяржаўных органаў і арганізацый, якія аказваюць практычную дапамогу розным відам спорту.
Сход адкрыў кіраўнік дзяржавы, адзначыўшы, што настаў час зноў абмеркаваць праблемы развіцця спорту і алімпійскага руху.
“Нам ёсць кім ганарыцца. Абсалютная большасць спартсменаў – сапраўдныя патрыёты, якія без астатку аддаюць свой талент, сілы і энергію для перамог у імя Айчыны”, – сказаў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.
Абмяркоўваючы актуальныя праблемы, беларускі лідар выказаў нараканні з нагоды вынікаў выступлення беларускіх спартсменаў у некаторых відах спорту, асабліва ў хакеі і біятлоне.
Гомельскі рэгіён на сходзе у складзе дэлегацыі прадстаўляў Ігар Віктаравіч Макараў – чэмпіён XXVIII Алімпійскіх гульняў у Афінах, заслужаны майстар спорту Рэспублікі Беларусь, выкладчык кафедры спартыўных дысцыплін нашага ўніверсітэта. Ён адзначыў, што адной з галоўных тэм сходу НАК стала падрыхтоўка беларускіх спартсменаў да Алімпійскіх гульняў у Токіа, падчас абмеркавання якой кіраўнік дзяржавы натхніў спартсменаў і трэнераў на дасягненне высокіх вынікаў.
Марына Кажадуб,
кіраўнік спартыўнага прэс-цэнтра
Па матэрыялах: https://president.gov.by/ru/events/olimpiyskoe-sobranie-nok-belarusi-1614323173?openVideo=true