З 21 па 27 лютага ў спарткомплексе ААТ “Гомсельмаш” праходзіў розыгрыш Кубка Беларусі па цяжкай атлетыцы сярод мужчын і жанчын.
За званне пераможцаў і прызёраў турніру змагаліся 170 спартсменаў, якія прадстаўляюць усе рэгіёны краіны.
Залатыя медалі заваявалі сярэбраны прызёр Алімпійскіх гульняў Дар’я Навумава, двухразовая чэмпіёнка Еўропы Дзіна Сазановец і сярэбраны прызёр еўрапейскага першынства Дар’я Пачобут.
У мужчын золата ўзялі сярэбраны прызёр чэмпіянату свету сярод юніёраў, чэмпіён Еўропы сярод юніёраў Андрэй Арлёнак і бронзавы прызёр чэмпіянату Еўропы сярод юніёраў, чэмпіён свету і Еўропы сярод юнакоў Канстанцін Куроўскі. Па выніках спаборніцтваў былі вызначаны лепшыя спартсмены – Пётр Асаёнак і Дар’я Навумава.
Турнір у Гомелі быў адборачным на чэмпіянат Еўропы, які павінен прайсці ў красавіку ў Маскве. На Алімпійскіх гульнях нашу каманду змогуць прадставіць толькі двое спартсменаў. Ліцэнзіі не імянныя, барацьба за пуцёўкі ў Токіа працягваецца.
Студэнты нашай ВНУ пад кіраўніцтвам выкладчыкаў кафедры фізічнага выхавання і спорту сталі балельшчыкамі розыгрышу Кубка Беларусі па цяжкай атлетыцы.
У судзействе спаборніцтваў прыняў удзел суддзя I катэгорыі, майстар спорту па цяжкай атлетыцы, старшы выкладчык кафедры фізічнага выхавання і спорту Аляксандр Конан.
Марына Кажадуб,
кіраўнік спартыўнага прэс-цэнтра