У выставачнай зале ўніверсітэта адбылося адкрыццё першай персанальнай выставы “Падарожжа ў прыгожае”. Яе аўтар – Попічава Кацярына, студэнтка чацвёртага курса біялагічнага факультэта.
Ва ўрачыстай абстаноўцы з прывітальным словам да прысутных звярнуўся прарэктар па выхаваўчай рабоце Юрый Нікіцюк. Юрый Валер’евіч адзначыў значнасць арганізацыі персанальных выстаў нашых студэнтаў і выкладчыкаў у культурным жыцці ўніверсітэта і падтрымцы таленавітай моладзі.
Кацярына вучылася ў класе з мастацкім ухілам СШ №19 г. Гомеля. Паступіўшы ва ўніверсітэт, працягвала займацца мастацтвам. Ідэю арганізаваць уласную выставу падтрымала намеснік дэкана па выхаваўчай рабоце біялагічнага факультэта Святлана Панцялеева. У сваім выступе яна падкрэсліла вялікую працавітасць і шматграннасць асобы студэнткі. Кацярына Попічава сумяшчае выдатную вучобу з працай у школе і заняткамі любімай справай.
Больш за 70 работ, выкананых рознымі матэрыяламі і ў розных тэхніках, склалі экспазіцыю выставы.
Жывапісныя і графічныя работы адлюстроўваюць розныя бакі паўсядзённага жыцця чалавека. Прадстаўленыя партрэты напісаныя як з натуры, так і па фатаграфіі, сустракаюцца і выдуманыя персанажы.
Сельскія і гарадскія пейзажы паказваюць разнастайнасць прыроды. Строга глядзяцца класічныя замалёўкі і работы з гіпсавымі скульптурамі. Аўтар стварала сваю калекцыю больш за 5 гадоў.
Па традыцыі Кацярына правяла для студэнтаў біялагічнага і эканамічнага факультэтаў першую экскурсію. Работа выставы суправаджаецца прыемнай фонавай музыкай. Такая атмасфера настройвае наведвальнікаў на прыемны прагляд і пазітыўны настрой.
Выстава будзе доўжыцца да 9 красавіка. Запрашаем усіх жадаючых!
Людміла Дуброўская,
вядучы спецыяліст
аддзела моладзевых ініцыятыў
і студэнцкага самакіравання