Фізікі і “айцішнікі” – лепшыя творцы (NG-PRESS.by)

Submitted by ias on пан, 05/04/2021 - 12:40

Студэнты факультэта фізікі і інфармацыйных тэхналогій ГДУ імя Ф.Скарыны сталі ўладальнікамі пераходзячага прыза памяці Марыны Шырынкінай.

У выхадныя ў актавай зале Гомельскага дзяржуніверсітэта адбылася адна з самых маштабных і яркіх творчых падзей навучальнага года – традыцыйны агульнаўніверсітэцкі конкурс “А ну, старшакурснік!”, створаны па ініцыятыве студэнцкага клуба ГДУ ў 2012 годзе і прымеркаваны да 1 красавіка. З тых часоў канцэрт штогод прыцягвае ўсіх неабыякавых да мастацтва. Гэта і зразумела: на сцэне выступаюць каманды не навабранцаў-першакурснікаў, а сапраўдныя мэтры, тыя, за чыімі плячыма ўжо не адно арганізаванае і паспяхова праведзенае мерапрыемства.

Тэма гэтага года гучала так: “Смяяцца, права, не грэшна над тым, што здаецца смешным”. Студэнты ўсіх факультэтаў на працягу некалькіх гадзін дэманстравалі гледачу свае праграмы. У кожнай каманды сваё бачанне, свой погляд на тое, як можна абыграць тэму. Менавіта таму ўсе выступы былі па-свойму ўнікальныя і індывідуальныя, яркія і шматгранныя. Каманды ў сваіх нумарах рабілі адсылкі да вядомых фільмаў, паказвалі трэндавыя рухі сучаснай моладзі, ставілі сапраўдныя тэатралізаваныя пастаноўкі.

Інтрыга, хто ж возьме пальму першынства, захоўвалася да самага канца. Нарэшце, журы абвясціла вынік: пераможцам стала каманда студэнтаў факультэта фізікі і інфармацыйных тэхналогій.

Варта адзначыць, што кубак з гэтага года будзе насіць імя чалавека, які каля 30 гадоў аддаў творчаму жыццю студэнцкага клуба, універсітэта, горада Гомеля і вобласці; імя чалавека, які быў ідэйным натхняльнікам і першым настаўнікам многіх знакамітых выпускнікоў; імя мастацкага кіраўніка студклуба. Студэнты-фізікі сталі ўладальнікамі пераходзячага прыза агульнаўніверсітэцкага конкурсу “А ну, старшакурснік!” памяці Марыны Шырынкінай.

Андрэй ВЯЛІКІ

Фота Ангеліны МЕЛЬНІКАВАЙ і Уладзіміра ЧЫСЦІКА