Шлях ад школьнай алімпіяды да вучонай ступені

Submitted by ias on чцв, 29/04/2021 - 16:21

Ва ўрачыстай абстаноўцы рэктар ГДУ імя Ф. Скарыны Сяргей Хахомаў уручыў дыплом кандыдата фізіка-матэматычных навук навуковаму супрацоўніку навукова-даследчага сектара Антону Шамыне. Павіншаваць Антона Аляксандравіча таксама прыйшлі яго навуковы кіраўнік В.М. Капшай, старшыня савета К 02.12.02 па абароне дысертацый А.М. Сердзюкоў, намеснік старшыні савета М.В. Максіменка, вучоны сакратар Г.М. Гадлеўская, дырэктар навукова-даследчага фізіка-хімічнага інстытута А.У. Рагачоў.

А.А. Шамына звязаў свой лёс з Гомельскім дзяржаўным універсітэтам імя Францыска Скарыны яшчэ ў школьныя гады, калі рыхтаваўся да абласнога і заключнага этапу алімпіяд па фізіцы. Штогод ён станавіўся іх пераможцам. На трэніровачных зборах Антон Аляксандравіч пазнаёміўся з В.М. Капшаем і пад яго кіраўніцтвам пасля паступлення на фізічны факультэт пачаў навуковыя даследаванні фактычна з першага курса.

Неаднаразова станавіўся пераможцам рэгіянальных, рэспубліканскіх і міжнародных алімпіяд па фізіцы і матэматыцы, а таксама конкурсаў навуковых работ. У 2013 годзе ўзнагароджаны граматай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.

Лагічным працягам навуковых пошукаў Антона Шамыны стала падрыхтоўка і паспяховая абарона дысертацыі “Генерацыя другой гармонікі і выпраменьвання сумарнай частоты ў павярхоўным пласце дыэлектрычных часціц сферычнай і цыліндрычнай формы”. Вучоная ступень кандыдата фізіка-матэматычных навук была прысуджана яму 24 снежня 2020 года. Рашэнне Савета К 02.12.02 зацверджана ў ВАК Рэспублікі Беларусь 7 красавіка 2021 года.

Фотасправаздача