Я зноў выбіраю «Звязду» (Сайт газеты «Звязда»)

Submitted by Dmitry_Gorbachev on сер, 09/06/2021 - 10:26

Іван Афанасьеў, кандыдат філалагічных навук, дацэнт, загадчык кафедры рускай і сусветнай літаратуры ГДУ імя Ф. Скарыны, лаўрэат штогадовых прэмій за найлепшыя літаратуразнаўчыя публікацыі часопісаў «Полымя», «Маладосць», «Нёман»:


— Мне падабаецца грунтоўнасць публікацый у газеце «Звязда», таму што ў гэтай грунтоўнасці адчуваецца традыцыя, якую захоўвае выданне. Гэта адсылкі да здабыткаў нашай агульнай Вялікай Гісторыі, і ёй «Звязда» была і народжана, і гэтая гісторыя адчуваецца ў падыходзе рэдакцыі да спраў бягучага жыцця. Гэта выдатна. Мне здаецца, што «Звязда» адухоўленая дагэтуль тымі падзеямі, у якіх карані сённяшняй нашай дзяржаўнасці.

Для мяне «Звязда» — яшчэ і асабістыя, вельмі прыемныя, успаміны. На старонках гэтага выдання з'яўляліся матэрыялы, прысвечаныя майму дзядулю, партызану Вялікай Айчыннай вайны Івану Сямёнавіну Гарунову, матэрыялы, прысвечаныя пісьменніку Васілю Быкаву, з якім мне пашчасціла быць знаёмым і ў аспіранцкія гады пісаць навуковую працу па яго творчасці.

Гэтае маё асабістае адчуванне выдання спалучана з усведамленнем таго, што амаль заўсёды «Звязда» — гэта, на мой погляд, эталон густу ў самым высокім сэнсе гэтага паняцця.

Я жадаю «Звяздзе» трымаць сваю марку і быць захавальніцай найлепшых традыцый, не забываць тыя карані і вытокі з савецкага часу, адкуль брала пачатак наша сапраўдная першая форма нацыянальнай дзяржаўнасці. Мне падабаецца, што нацыянальная скіраванасць «Звязды» ў матэрыялах, у разважаннях аўтараў ніколі не азначала нейкую нацыянальную замкнёнасць. Заўсёды гэты нацыянальны беларускі кругагляд арганічна і натуральна спалучаўся з набыткамі і дасягненнямі Савецкага Саюза, народаў, якія складалі гэтую дзяржаву і жылі ў згодзе. І гэта сапраўды тая форма нацыянальнага здзяйснення, якая мае толькі стваральны змест.

Мне хацелася б, каб гэтае разуменне панавала і ў нашым сённяшнім грамадстве. «Звязда» ў сваіх публікацыях і самім фактам свайго існавання гэтую гармонію нацыянальнага і агульнага заўсёды сведчыла.

У выданні маю ўвагу прыцягваюць матэрыялы гісторыка-асветніцкага кшталту, таксама цікаўлюся савецкім перыядам гісторыі і спалучэннем нацыянальнай і савецкай традыцыі, якое не было штучным. Мне падаецца, што пэўная недастатковасць увагі да гэтага феномену — спалучэнне савецкага, нацыянальнага, гістарычнага — усё ж такі адчуваецца і ў прэсе. Таму заўсёды з цікавасцю звяртаюся да тых публікацый, дзе гэты перыяд гісторыі нашай дзяржаўнасці падаецца праз цікавыя новыя факты, архіўныя знаходкі.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

https://zviazda.by/be/news/20210609/1623217420-ya-znou-vybirayu-zvyazdu