Сяргей ХАХОМАЎ, рэктар ГДУ імя Францыска Скарыны: “Адукаваны чалавек — гэта рэсурс краіны” (Сайт «Абiтурыент»)

Submitted by Dmitry_Gorbachev on чцв, 17/05/2018 - 11:38

Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францыска Cкарыны з колішняга педагагічнага інстытута вырас у вядучую ўстанову вышэйшай адукацыі рэгіёна і адну з найбуйнейшых устаноў краіны. Сёння гэта класічны ўніверсітэт, які прапануе шырокі спектр спецыяльнасцей для розных сфер дзейнасці — ад педагогікі да ІТ.

Аб тым, чым жыве ГДУ, а таксама аб перспектывах далейшага развіцця — наша размова з рэктарам Сяргеем Анатольевічам ХАХОМАВЫМ.

— Сяргей Анатольевіч, калі разглядаць апошнія 3—5 гадоў, якія аспекты ў развіцці Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта можна вылучыць асабліва?

— Нічога рэвалюцыйнага не адбывалася, мы паступова развіваліся, але развіваліся ў розных кірунках. Перш за ўсё, адкрываліся новыя запатрабаваныя спецыяльнасці, такія як “Праграмаваныя мабільныя сістэмы”, “Электронныя сістэмы бяспекі”, “Камп’ютарная фізіка”. Адбыліся значныя змены ў сувязі з уключэннем нашай краіны ў Еўрапейскую прастору вышэйшай адукацыі — Балонскі працэс, у тым ліку пераход з 5-гадовай сістэмы адукацыі на 4-гадовую.

Мы зрабілі даволі сур’ёзны рух у бок міжнароднага супрацоўніцтва. Летась на базе Шанхайскага прафесійнага інстытута індустрыі, камерцыі і замежных моў адкрыўся філіял ГДУ імя Францыска Скарыны — гомельскі інстытут. Гэта дазволіць рэалізаваць паўнавартасны акадэмічны абмен выкладчыкамі і студэнтамі абедзвюх краін, а таксама пашырыць пералік спецыяльнасцей па сумеснай падрыхтоўцы спецыялістаў. Яшчэ адна важная падзея ў супрацоўніцтве з КНР — адкрыццё ў нашым універсітэце першага рэгіянальнага Інстытута Канфуцыя.

Варта сказаць, што ўніверсітэт даволі паспяхова развіваўся ў навуковай галіне. У нас з’явіліся беларуска-кітайская лабараторыя па вакуумна-плазменных тэхналогіях і беларуска-польская лабараторыя па золь-гель тэхналогіях. Мы ўпершыню разам з універсітэтамі Польшчы, Германіі, Партугаліі і іншых еўрапейскіх краін увайшлі ў буйны навуковы праект “Гарызонт 2020”, які ўяўляе сабой рамачную праграму Еўрапейскага саюза па навуковых даследаваннях і інавацыях і фінансуецца з бюджэту ЕС.

— Вы згадалі пра інтэграцыю ў Балонскі працэс. Што, на вашу думку, яна дала Беларусі і гомельскаму ўніверсітэту ў прыватнасці? Якія структурныя змяненні адбыліся за гэтыя гады?

— Наша мэта пры далучэнні да Балонскага працэсу была не ў тым, каб правесці нейкую рэвалюцыю і адмовіцца ад сваёй сістэмы адукацыі. Мы хацелі атрымаць магчымасць вывучыць тое лепшае, што ёсць у еўрапейскай адукацыйнай сістэме. Скажу больш, ні адна з еўрапейскіх краін не выканала ўсе без выключэння прадпісанні Лісабонскай дэкларацыі (Лісабонская дэкларацыя “Універсітэты Еўропы пасля 2010 года: разнастайнасць пры адзінстве мэт” была прынята ў 2007 годзе на IV з’ездзе Еўрапейскай асацыяцыі ўніверсітэтаў і ўключае ў сябе каля 30 пунктаў. — Заўв. аўт.). Справа ў тым, што ў кожнай краіне ёсць свае асаблівасці, традыцыі, якія фарміраваліся на працягу многіх гадоў. Няма сэнсу і няма патрэбы разбураць усё гэта. Тое ж тычыцца і Беларусі. У рамках Еўрапейскай прасторы вышэйшай адукацыі мы бяром і ўкараняем лепшае, захоўваючы свае традыцыі.

Калі гаварыць непасрэдна пра наш універсітэт, то, па-першае, мы пачалі выдаваць выпускнікам нацыянальны дадатак да дыплома, дзе, акрамя ступені, кваліфікацыі і вывучаных дысцыплін, прымяняецца агульнапрынятая ў еўрапейскіх краінах сістэма ўліку крэдытаў — аб’ём праслуханых лекцый, семінараў, экзаменаў і г.д. Па-другое, значна пашырылася ўзаемадзеянне з еўрапейскімі партнёрамі. Сёння ва ўніверсітэце рэалізуецца шэраг еўрапейскіх праектаў па праграмах Erasmus+, Tempus, згаданай раней “Гарызонт 2020” і інш. Трэці важкі крок у гэтым кірунку — тое, што нашы студэнты ўваходзяць у савет універсітэта і складаюць яго чвэрць. Такім чынам, моладзь прымае ўдзел у прыняцці ўсіх важных рашэнняў на ўзроўні ўніверсітэта, і гэта вельмі каштоўна.

— Ці азначае пераход да сістэмы крэдытаў, што спросціцца пацвярджэнне беларускіх дыпломаў за мяжой?

— Трэба разумець, што аўтаматычнага прызнання замежных дыпломаў няма ні ў адной дзяржаве, у любым выпадку неабходна праходзіць працэдуру пацвярджэння. Разам з тым няма ніякіх перашкод для таго, каб прайсці яе і атрымаць магчымасць працаваць за межамі Беларусі. Выпускнікі нашага ўніверсітэта працуюць у 60 краінах свету.

— Калі ўжо зайшла размова пра выпускнікоў, давайце закранём пытанне іх працаўладкавання. Рынак працы даволі зменлівы. Спецыялісты, у якіх адчувалі патрэбу рэгіён ці краіна ўчора, заўтра могуць аказацца на абочыне. Ці сутыкаецца з такой праблемай ваш універсітэт?

— Універсітэт — частка беларускага грамадства, і цяжкасці, якія адбываюцца ў эканоміцы, адпаведным чынам закранаюць студэнтаў і выкладчыкаў. Мы павінны мець пэўныя рэсурсы, якія дазволяць быць больш гнуткімі. Адзін з такіх рэсурсаў ГДУ — Інстытут павышэння кваліфікацыі, дзе студэнты могуць атрымаць паралельную адукацыю. Акрамя таго, у нас адкрыты спецыяльныя курсы “ГДУ-профі”, якія дазваляюць папоўніць веды ў тым ці іншым кірунку. Напрыклад, калі айцішнік адчувае, што ён недастаткова добра валодае англійскай мовай, ён можа падцягнуць яе на гэтых курсах. Яшчэ адна магчымасць для юнакоў і дзяўчат — бізнес-школа “Стартап-ГДУ”. Яна накіравана на падтрымку пачынаючых бізнесменаў — ад задумы да камерцыялізацыі, аказанне ім садзейнічання ў практычнай рэалізацыі бізнес-ідэі. Адным словам, мы прапануем шмат магчымасцей. Матываваны студэнт заўсёды можа палепшыць сваю падрыхтоўку, а значыць, забяспечыць сабе запатрабаванасць на рынку працы.

— Што вы думаеце адносна завочнай адукацыі? Магчыма, прыйшоў час перагледзець падыходы да падрыхтоўкі студэнтаў-завочнікаў?

— Ніхто не будзе спрачацца з тым, што завочная форма навучання патрэбна. Адукаваны чалавек — гэта рэсурс краіны. Ёсць шмат людзей (тыя ж выпускнікі каледжаў), якія па нейкіх прычынах не атрымалі вышэйшую адукацыю, але ў іх ёсць багаты прафесійны вопыт. Чаму б ім не атрымаць адукацыю на завочным аддзяленні?

Нельга сказаць, што завочная адукацыя недастаткова надзейная. Па-першае, яна прызначана пераважна для людзей, якія працуюць па пэўнай спецыяльнасці. Па-другое, сёння выкарыстоўваецца іншы падыход да праверкі ведаў студэнтаў-завочнікаў. Напрыклад, кантрольныя работы, якія раней студэнты павінны былі выконваць самастойна да пачатку сесіі, у нашым універсітэце адменены. Цяпер яны выконваюцца ў выглядзе тэстаў непасрэдна ў аўдыторыі ў прысутнасці выкладчыка. А ўсе курсавыя і дыпломныя работы праходзяць праверку на плагіят.

— У апошні час упор робіцца на практыка-арыентаванае навучанне студэнтаў. Як гэта рэалізоўваецца ў вашым універсітэце?

— Мы імкнёмся наблізіць навучанне студэнтаў да ўмоў прадпрыемстваў, дзе ім належыць працаваць у будучыні. Самае простае, што можна зрабіць у гэтых адносінах, — павялічыць колькасць гадзін на практыку. Сёння мы гэта робім. Аднак павінен сказаць, што тут неабходны разумны падыход, важна забяспечыць баланс. Так, калі мы праводзім апытанне сярод студэнтаў малодшых курсаў, яны кажуць: “Нам не патрэбны лекцыі, дайце нам больш самастойнасці”. А вось старшакурснікі ўжо ведаюць, што на самастойную работу прыйдзецца затраціць шмат часу: каб вывучыць тэму, неабходна праштудзіраваць літаратуру, правесці сур’ёзны пошук у інтэрнэце, тады як выкладчык усё тэзісна патлумачыць. Ім больш даспадобы традыцыйныя лекцыі.

— Абмен вопытам і ўдзел у еўрапейскіх праектах садзейнічае лепшай падрыхтоўцы студэнтаў і прафесійнаму развіццю выкладчыкаў. Што найбольш важнае можаце адзначыць у гэтым плане?

— Сёлета мы атрымалі 4 стыпендыі на стажыроўку ў Германіі ад нямецкай службы акадэмічных абменаў і 4 прапановы на стажыроўку нашых студэнтаў ва ўніверсітэце горада Вальядалід (Іспанія) у рамках праграмы Еrasmus+. Шмат магчымасцей — ад развіцця кампетэнцый да паляпшэння магістарскіх праграм у галіне фізікі — даюць праекты праграмы Tempus. Павялічылася акадэмічная мабільнасць нашых выкладчыкаў, якія павышаюць кваліфікацыю, знаёмяцца з адукацыйным працэсам у іншых краінах. Больш за 100 прадстаўнікоў прафесарска-выкладчыцкага складу выязджалі для чытання лекцый у замежныя ўніверсітэты. Многія стажыроўкі можна было атрымаць на аснове конкурсаў, і нашы выкладчыкі іх паспяхова праходзілі.

— Можна рабіць выснову, што многія вашы выкладчыкі добра валодаюць англійскай мовай. Ці ёсць ва ўніверсітэце практыка чытання лекцый на замежнай мове для студэнтаў?

— Так, мы стараемся ўкараняць англійскую мову на кожнай спецыяльнасці. Калі не атрымліваецца чытаць дысцыпліну цалкам па-англійску, спрабуем асобныя тэмы. Набірае папулярнасць і абарона курсавых і дыпломных работ на англійскай мове. Паколькі мы хочам удзельнічаць у міжнародным супрацоўніцтве, гэта неабходна. І мы гатовы пашыраць такую практыку, у нас ёсць для гэтага рэсурс.

— Сяргей Анатольевіч, у апошні час усё больш узмацняецца супрацоўніцтва Беларусі з Кітаем як у эканамічнай, так і ў сацыяльнай сферы. Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт таксама актыўна ўзаемадзейнічае з кітайскімі партнёрамі. Найбольш значныя кірункі вы ўжо адзначылі: гэта адкрыццё Інстытута Канфуцыя і філіяла ГДУ ў адной з найбуйнейшых агламерацый КНР — Шанхаі, з’яўленне сумеснай навуковай лабараторыі… Якія перспектывы вы бачыце ў далейшым?

— Перспектывы відавочныя. Кітай — найбуйнейшая дзяржава свету, якая імкліва развіваецца. Сёння кітайскія партнёры могуць прапанаваць шмат цікавага ў адукацыйнай і навуковай сферы, а таксама ў плане прафесійнага росту кваліфікаваных маладых спецыялістаў — нашых выпускнікоў.

Адкрыццё Інстытута Канфуцыя дазволіла нам атрымаць фінансаванне ад Дзяржаўнай канцылярыі па распаўсюджванні кітайскай мовы (Ханьбань) для сучаснага абсталявання аўдыторый. Таксама мы атрымалі вялікую колькасць кніг па кітайскай мове і культуры. Сёння ўжо не ўзнікае пытання “Навошта?”, бо ўсім зразумела: веданне кітайскай мовы значна пашырае кар’ерныя магчымасці чалавека. Добра, калі вы выдатны эканаміст, але калі вы выдатны эканаміст, які валодае кітайскай мовай, — гэта добра ўдвая. Няма сумненняў, што нашы студэнты і слухачы курсаў кітайскай мовы будуць мець дадатковыя перавагі на рынку працы.

Мы бачым зацікаўленасць і з другога боку: сёння кітайцы лічаць неабходным вывучаць рускую мову. Летась група кітайскіх студэнтаў была на 3-месячнай стажыроўцы ў нашым універсітэце. Зараз на філалагічным факультэце таксама вучыцца група студэнтаў з Кітая. У рамках пагаднення паміж ГДУ і Шанхайскім інстытутам індустрыі, камерцыі і замежных моў аб сумеснай падрыхтоўцы спецыялістаў па спецыяльнасці “Руская філалогія” яны правядуць у Гомелі 2 гады.

У чэрвені ў нас запланавана адкрыццё цэнтра інстытута індустрыі, камерцыі і замежных моў па вывучэнні кітайскай мовы.

— Абмен студэнтамі набывае ўсё большую папулярнасць. Адна з форм такога абмену — так званыя летнія школы. Ведаю, што ў мінулым годзе ў вас была такая спроба.

— Абмен студэнтамі — гэта вельмі карысная практыка. Замежнікі, якія прыязджаюць да нас, маюць магчымасць на свае вочы паглядзець на сістэму адукацыі Беларусі. Нашы хлопцы і дзяўчаты, якія адпраўляюцца ў замежныя ўніверсітэты, таксама атрымліваюць цікавы вопыт. Што да летніх школ, сапраўды, летась у нашым універсітэце праходзіла такая школа для юрыстаў. Яна паказала станоўчыя вынікі, і сёлета мы чакаем новых удзельнікаў. Абапіраючыся на вопыт калег, сёлета свае летнія школы правядуць філалагічны факультэт і факультэт псіхалогіі.

— Што прапануе ГДУ абітурыентам у гэтым годзе? Ці будзе адкрыты набор на нейкія новыя спецыяльнасці?

— Мы атрымалі дазвол ад Міністэрства адукацыі адкрыць на І ступені новую спецыяльнасць — “Эканамічная інфарматыка”, спецыялістаў па якой будзе рыхтаваць эканамічны факультэт. Пакуль знаходзіцца на разглядзе яшчэ адна спецыяльнасць — “Бізнес-адміністраванне”. Спадзяёмся, што таксама атрымаем станоўчае рашэнне на яе адкрыццё. Чакаем дазволу і наконт ІІ ступені вышэйшай адукацыі. Калі ён будзе атрыманы, факультэт фізікі і інфармацыйных тэхналогій пачне рыхтаваць магістрантаў па спецыяльнасці “Інфакамунікацыйныя сістэмы і сеткі”. Мяркую, набор на згаданыя спецыяльнасці будзе абвешчаны ў наступным годзе.

Зрэшты, адно новаўвядзенне ў сёлетняй прыёмнай кампаніі будзе: на спецыяльнасці “Аўтаматызаваныя сістэмы апрацоўкі інфармацыі” мы адкрываем дыстанцыйнае навучанне. Дагэтуль такая форма адукацыі ў нашым ўніверсітэце не выкарыстоўвалася.

Наталля ЛУТЧАНКА.
Фота Уладзіміра ЧЫСЦІКА.

Источник Сайт «Абiтурыент»

Фотасправаздача