Парэміялогію ў слоўніку і корпусе разглядалі за круглым сталом у ГДУ імя Ф. Скарыны

Submitted by ias on аўт, 24/05/2022 - 10:10

На філалагічным факультэце выкладчыкамі кафедры рускага, агульнага і славянскага мовазнаўства быў арганізаваны Круглы стол на тэму "Парэміялогія ў слоўніку і корпусе". У яго рабоце прынялі ўдзел настаўнікі рускай мовы і літаратуры гімназій і школ Гомеля. У якасці асноўных дакладчыкаў на гэтым мерапрыемстве выступілі загадчык кафедры рускага, агульнага і славянскага мовазнаўства, доктар філалагічных навук Алена Нічыпарчык і дацэнт гэтай кафедры, кандыдат філалагічных навук Іна Гамонава.

За круглым сталом размова ішла аб тыпах парэміялагічных слоўнікаў і прынцыпах іх складання, аб электронных рэсурсах, якія аптымізуюць даследаванні парэміялагічных адзінак. У прыватнасці, удзельнікі Круглага стала абмеркавалі магчымасці, якія дае парэміёлагу Нацыянальны корпус рускай мовы, і апрабавалі іх на практыцы.

У час работы Круглага стала выкладчыкі ВНУ дзяліліся сваімі тэарэтычнымі ведамі і практычнымі навыкамі са школьнымі педагогамі. Такія навуковыя і вучэбна-метадычныя сустрэчы выкладчыкі кафедры рускага, агульнага і славянскага мовазнаўства плануюць зрабіць традыцыйнымі.

Круглы стол "Парэміялогія ў слоўніку і корпусе" - адно з мерапрыемстваў "Дзён рускай мовы ў Гомелі", якія праводзяцца кафедрай пры падтрымцы Рускага дома ў Гомелі.

Дацэнт кафедры рускага, агульнага і славянскага мовазнаўства, кандыдат філалагічных навук Іна ГАМАНАВА

Фота Аляксандра ЛАПАЦІНА

Фотасправаздача