Нам засталася спадчына…

Submitted by ias on пят, 04/11/2022 - 12:25

Філалагічны факультэт і Навукова-даследчы інстытут гісторыі і культуры ўсходнеславянскіх народаў пры ГДУ імя Ф. Скарыны правялі Міжнародную навукова-практычную канферэнцыю «Нам засталася спадчына…», прысвечаную 140-годдзю з дня нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа.

З пленарнымі дакладамі выступілі загадчык кафедры беларускай літаратуры доктар філалагічных навук прафесар І.Ф. Штэйнер і прафесар кафедры беларускай мовы доктар філалагічных навук В.А. Ляшчынская.

Даклады ўдзельнікаў канферэнцыі прысвечаны вывучэнню творчай спадчыны класікаў беларускай літаратуры ў нацыянальным і сусветным кантэкстах (Болбас Г.У., дактарант кафедры педагогікі БДПУ імя Максіма Танка, – «Идеи природосообразного воспитания в системе педагогических взглядов Я. Коласа и Я. Купалы»; Калеснікава І.А., настаўнік беларускай мовы і літаратуры ДУА «Сярэдняя школа № 37 г. Магілёва», – «Фальклорна-літаратурная спадчына Якуба Коласа і Янкі Купалы ў нацыянальным і сусветным кантэксце»; Кісялёва Л.Г., старшы навуковы супрацоўнік Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, – «Асноўныя траекторыі беларускіх літаратараў ХІХ ст»; Чарота У.І, дактарант Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, – «Янка Купала ў італьянскім друку першай паловы XX стагоддзя»), даследаванню мовы твораў Янкі Купалы і Якуба Коласа (Міхалевіч А.Г., дацэнт кафедры беларускага і рускага мовазнаўства БДПУ імя Максіма Танка, – «Канструкцыі з паўторам як моўная асаблівасць камедыі Янкі Купалы «Паўлінка»), пытанням міжмоўнай камунікацыі і этналінгвістыкі (Бялугіна В.У., Старадубец С.М., Бранскі дзяржаўны ўніверсітэті імя І.Р. Пятроўскага (філіял у Навазыбкаве), – «Синкретичные тексты в русской лингвокультуре»), стылістыцы мастацкага слова (Карніеўская Т.А., Гомельскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт, – «Вывучэнне пытанняў стылістыкі ў медыцынскіх ВНУ»), медыялінгвістыцы і тэрміналогіі (Лухверчык В.М., БДПУ імя М. Танка, – «Найменні асоб у беларускай прэсаніміі», Андрэева А.У., Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт фізічнай культуры, – «Транстэрміналагізацыя ў беларускай турыстычнай тэрміналогіі»), сучаснаму літаратуразнаўству (Бурдзялёва І.А., МДЛУ, – «Кніга А. Горвата «Радзіва «Прудок» у кантэксце літаратурнай традыцыі»; Чарота К.М., ДНУ «Цэнтр даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, – «Вобраз Аўгуста Крамера як значнае мастацкае адкрыццё ў творчасці І. Навуменкі»).

Студэнты філалагічнага факультэта парадавалі ўдзельнікаў канферэнцыі літаратурнай кампазіцыяй па творах Янкі Купалы і Якуба Коласа.

Пад кіраўніцтвам студэнткі другога курса Людмілы Масанавец адбылася гульня-квэст, прысвечаная 140-годдзю са дня нараджэння Я. Коласа. Студэнты падзяліліся на шэсць груп і выконвалі заданні, прысвечаныя біяграфіі паэта: запаўнялі крыжаванку, дапаўнялі словы, якіх не хапала ў самым першым вершы паэта, узнаўлялі цікавыя факты з асабістага жыцця і пісьменніцкай дзейнасці Я. Коласа, шукалі і злучалі радкі верша. Усё гэта адбывалася на такіх станцыях, як «Леснікова сядзіба», «У Палескай глушы», «Каля вытокаў», «Куфэрык цікаўнасцяў», «Рэдактар», «Візітная картка», звязаныя з жыццём класіка беларускай літаратуры. Каманды выдатна справіліся са ўсімі заданнямі і атрымалі пазітыўныя эмоцыі, а, дзякуючы Прафкаму студэнтаў ГДУ імя Ф. Скарыны, пераможцы атрымалі прызы.

https://gp.by/novosti/obrazovanie/news258056.html

https://www.sb.by/articles/mezhdunarodnaya-nauchno-prakticheskaya-konferentsiya-nam-zastalasya-spadchyna-proshla-v-ggu-im-skori.html