Другі этап рэспубліканскай акцыі праходзіць з 11 па 18 лістапада ў ВНУ, каледжах, ліцэях, а таксама ў цэнтрах бяспекі і іншых месцах з масавым знаходжаннем людзей.
У ГДУ імя Францішка Скарыны ўсіх удзельнікаў мерапрыемства прывітаў прарэктар па выхаваўчай рабоце Дзмітрый Хадановіч.
Старшы інспектар сектара прапаганды гарадскога аддзела па надзвычайных сітуацыях маёр унутранай службы МНС Андрэй Шарамантаў расказаў студэнтам і выкладчыкам ВНУ, што асноўная задача цэлага цыкла прафілактычных мерапрыемстваў накіравана на прыцягненне ўвагі да праблемы пажараў з прычыны неасцярожнага абыходжання з агнём пры курэнні.
- У гэтым годзе ў краіне адбылося 5 114 пажараў, загінула 522 чалавекі, з іх 9 дзяцей. Згодна са статыстычнымі данымі, 7 з 10 пажараў у жылым фондзе адбываюцца па віне курцоў. Не варта грэбаваць правіламі пажарнай бяспекі, а папярэдзіць сумны зыход у вашых сілах, - пракаментаваў выратавальнік.
Прадстаўнікі МНС правялі захапляльную віктарыну са студэнтамі. Задавалі пытанні па тэхніцы бяспекі і правілах паводзін пры ўзнікненні пажару. Расказалі аб прынцыпе работы вогнетушыцеля, важнасці наяўнасці пажарнага апавяшчальніка дома, акцэнтавалі ўвагу на правілах паводзін пры эвакуацыі.
Напрыканцы мерапрыемства ўдзельнікам сустрэчы нагадалі пра галоўныя правілы бяспекі і абыходжання з агнём, а таксама параілі спампаваць мабільны дадатак ад МНС, каб зрабіць сваё жыццё больш бяспечным.
Аляксандр Лапацін, фота аўтара