35 гадоў як Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт носіць імя Францыска Скарыны

Submitted by Dmitry_Gorbachev on пят, 08/12/2023 - 08:19

Сёлета спаўняецца 35 гадоў з часу надання Гомельскаму дзяржаўнаму ўніверсітэту імя Францыска Скарыны. Наша ВНУ нездарма носіць імя славутага вучонага, асветніка і першадрукара, чый партрэт знаходзіцца ў ганаровай Зале Сарака Падуанскага ўніверсітэта. Наша навучальная ўстанова — другая на тэрыторыі сучаснай Беларусі пасля БДУ, якой быў нададзены ганаровы статус універсітэта. Як трэба адзначыць і тое, што другімі мы сябе не лічым. Адзін з кірункаў дзейнасці кафедры беларускай літаратуры — вывучэнне багатай літаратуры і культуры Гомельшчыны.


Фота БелТА.

Падмурак рэгіянальных даследаванняў у нашай навучальнай установе быў закладзены на пачатку 70-х гг. ХХ ст. вядомым беларускім вучоным, заслужаным дзеячам навукі БССР, доктарам філалагічных навук, прафесарам Мікалаем Міхайлавічам Грынчыкам (1923–1999), чый 100-гадовы юбілей адзначаем сёлета. Дарэчы, быў першым сярод выкладчыкаў ГДУ, хто абараніў доктарскую дысертацыю.

У час працы загадчыкам кафедры беларускай літаратуры арганізаваў студэнцкую навуковую лабараторыю па фальклоры, дзе збіраліся матэрыялы, запісаныя студэнтамі і выкладчыкамі ў час студэнцкіх практык і фальклорных экспедыцый. Найлепшыя з іх перадаваліся ў Інстытут мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Акадэміі навук Беларусі.

Мікалай Грынчык з’яўляўся адным з аўтараў акадэмічнай «Гісторыі беларускай дакастрычніцкай літаратуры» і падручнікаў для ВНУ. Стварыў і клапатліва падтрымліваў літаратурнае аб’яднанне «Крыніца», блаславіўшы многіх пісьменнікаў у літаратуру. Пад яго кіраўніцтвам рэгулярна праводзіліся канферэнцыі па праблемах рэгіянальнага пачатку ў фальклоры, мове і літаратуры.

Сур’ёзная роля ў станаўленні гомельскай школы літаратуразнаўства належыць Паўлу Ахрыменку, доктару філалагічных навук, які працаваў у Гомельскім педінстытуце (з 1969 года — універсітэце) з 1950 да 1972 год. Вучоны прайшоў шлях ад старшага выкладчыка да прафесара, загадчыка кафедры літаратуры (на той час была агульная кафедра беларускай і рускай літаратур). Адзін з самых вядомых беларускіхфалькларыстаў, аўтар шматлікіх манаграфій.

Фалькларыстычнымі даследаваннямі ва ўніверсітэце цяпер плённа займаецца доктар філалагічных навук, прафесар Валянціна Новак — аўтар звыш 200 публікацый, сярод якіх індывідуальныя і калектыўныя манаграфіі, вучэбныя і практычныя дапаможнікі, артыкулы. Яна аўтар-складальнік шматлікіх фальклорна-этнаграфічных зборнікаў па розных раёнах Гомельшчыны.

Рэгіянальнымі даследаваннямі сёння кіруе вучань М. Грынчыка Іван Штэйнер, чый 70-гадовы юбілей адзначалі сёлета. Аўтар звыш 20 манаграфій, 7 фальклорна-этнаграфічных зборнікаў, 4 метадычных дапаможнікаў, 3 вучэбных дапаможнікаў з грыфам Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь. Інтарэсы І. Штэйнера як даследчыка надзвычай разнастайныя. У работах вучонага пададзена арыгiнальнае асэнсаванне твораў як класiкаў нашай лiтаратуры Янкі Купалы, Якуба Коласа, Васіля Быкава, так i актуальных сучасных аўтараў — Алеся Разанава, Віктара Казько, Раісы Баравіковай, Віктара Шніпа, Анатоля Сыса, Алеся Наварыча і інш.

Шмат увагі аддае краязнаўчай рабоце. Пад яго кіраўніцтвам падрыхтаваны зборнікі «Мазыр. 850 год» у 3 тамах, «Мазыр: гісторыя і сучаснасць», «Мазыр літаратурны», «Речица. Литературно-духовное наследие региона», «Речица лирическая», «Фальклорна-этнаграфічная і літаратурная спадчына Рэчыцкага раёна», «Малады горад на зямлі старажытнай [да 50-годдзя Светлагорска]».

Напісаў і выдаў тры ўнікальныя тамы навукова-папулярных нарысаў («Дняпроўскія матывы: нарысы [пра пісьменнікаў Гомельшчыны, якія нарадзіліся на берагах Дняпра]» «Прыпяцкая рапсодыя: нарысы [пра пісьменнікаў Гомельшчыны, якія нарадзіліся на берагах Прыпяці]»; «Сожскі карагод: нарысы [пра пісьменнікаў Гомельшчыны, якія нарадзіліся на берагах ракі Сож]», у якіх прааналізаваў творчасць амаль усіх пісьменнікаў, што нарадзіліся на тэрыторыі Гомельшчыны, або тым ці іншым чынам звязаны з рэкамі Дняпро, Прыпяць і Сож. Гэта болей чым дзве сотні творчых партрэтаў.

Кафедра беларускай літаратуры сістэматычна праводзіць Міжнародныя навуковыя канферэнцыі «Рэгіянальнае, нацыянальнае і агульначалавечае ў літаратуры», удзел у якой прымаюць вядучыя навукоўцы не толькі Беларусі, Расіі, Украіны, Польшчы, але і славісты Германіі, Харватыі, Сербіі, Чарнагорыі, Славеніі.

Гісторыя нашай літаратурнай альма-матэр бярэ пачатак яшчэ з 30-х гадоў мінулага стагоддзя. Тут вучыліся Іван Шамякін, Леанід Гаўрылаў, Мікола Сурначоў, Алесь Жаўрук, Кастусь Кірэенка, Паўлюк Прануза. Гаўрылаў, Сурначоў, Жаўрук атрымалі дыпломы ў першыя дні Вялікай Айчыннай вайны і загінулі, абараняючы радзіму. Гомельскі ўніверсітэт выхаваў лаўрэатаў Дзяржаўнай прэміі К. Кірэенку, М. Башлакова, а таксама такіх адметных творцаў, як В. Ярац, А. Сыс, А. Зэкаў, В. Куртаніч, А. Казлоў, М. Даніленка, Р. Андрэявец, Т. Мельчанка, Н. Шклярава, І. Багдановіч і інш.

Да 80-годдзя ўніверсітэта выдадзены зборнік «Alma mater universitatis». Гэта не паўтарэнне папярэдніх выданняў, а новае пераасэнсаванне творчасці выпускнікоў ГДУ, дапоўненае цікавымі ўспамінамі пра гады навучання. Іван Шамякін з цеплынёй згадвае колішняга рэктара ГДУ акадэміка Б. Бокуця: «Шчыры беларус, ён заваражыў мяне веданнем роднай літаратуры... Па ініцыятыве Б. Бокуця мы заключылі няпісаную дамову: у пачатку кожнага навучальнага года ва ўніверсітэце — літаратурны вечар. Сакратар Саюза пісьменнікаў, я падбіраў брыгаду паэтаў, празаікаў, крытыкаў — чалавек 10-12. Праводзіўся агульнаўніверсітэцкі вечар, надзвычайны па сваім змесце, форме, цеплыні, з якой сустаракалі нас студэнты, выкладчыкі, кіраўніцтва горада».

Фрагмент экспазіцыі літаратурнага музея «Аlma mater». Фота аўтара

Кафедра беларускай літаратуры добра зарэкамендавала сябе ў славістыцы. Пра гэта сведчаць шматлікія навуковыя публікацыі супрацоўнікаў кафедры, удзел у прэстыжных навуковых форумах, прызнанне калег, трывалыя навуковыя сувязі як з айчыннымі, так і з замежнымі вучонымі.

У 2007 годзе цыкл работ І. Штэйнера «Беларуская літаратура ў славянскім і сусветным кантэксце» быў прызнаны найлепшым даследаваннем у галіне гуманітарных навук, а яго аўтар адзначаны галоўнай навуковай узнагародай краіны — Прэміяй Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

Праводзіцца вялікая работа па зборы і сістэматызацыі матэрыялаў, звязаных з жыццём і дзейнасцю нашых славутых землякоў, па захаванні спадчыны Гомельскага рэгіёна.

У 1999 годзе пабачыў свет зборнiк лiрыкi выпускнiкоў ГДУ «Крынiцы». Укладальнік, аўтар прадмовы і ўступных артыкулаў — І. Штэйнер. Упершыню пад адной вокладкай сабраны творы студэнтаў і выпускнікоў ГДУ, пачынаючы з 1930-х гадоў і да нашых дзён. «Крыніцы» сталі і першым даследаваннем «феномену гомельскай школы ў беларускай паэзіі» (тэрмін І. Штэйнера).

У тым жа годзе быў выдадзены зборнiк крытычных артыкулаў «Душа прычалiцца крылом да неба...» (пад рэдакцыяй І. Штэйнера) па творчасцi колiшнiх студэнтаў ГДУ. Яго аўтары — студэнты і аспіранты Гомельскага ўніверсітэта.

Напярэдадні 75-гадавога юбілею Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта пад рэдакцыяй І. Штэйнера і І. Бароўскай падрыхтаваны зборнік «Універсітэт літаратурны».

У 2014 годзе пры кафедры беларускай літаратуры арганізаваны літаратурны музей «Аlma mater». Экспазіцыя ў храналагічным парадку знаёміць з творчасцю пісьменнікаў, музыкантаў, якія вучыліся ў галоўнай ВНУ Палесся, пачынаючы з 1930-х гадоў і да нашых дзён.

Добра вядомае ў навуковых колах рэспублікі імя Вольгі Шынкарэнкі, колішняга прафесра кафедры. Яна — аўтар манаграфій «Пад ветразем дабра і прыгажосці: Жанрава-стылявыя асаблівасці прозы У. Караткевіча», аднаго з самых грунтоўных і комплексных даследаванняў творчасці пісьменніка, «Нястомных пошукаў дарога: Праблемы сучаснай беларускай гістарычнай прозы», дзе ўпершыню ў беларускім літаратуразнаўстве разглядаюцца праблемы паэтыкі гістарычнага жанру на матэрыяле сучаснай прозы.

Важкі навуковы наробак пакінула Валянціна Смыкоўская (1940–2008). Яна з’яўлялася адным з аўтараў школьнага падручніка «Беларуская літаратура. 11 клас» (пад рэд. В. Ляшук), які ў 2003 годзе заняў І месца на рэспубліканскім конкурсе падручнікаў. В. Смыкоўская — аўтар манаграфій «Творчая канцэпцыя пісьменніка. Задума і яе мастацкае ўвасабленне ў «Палескай хроніцы» І. Мележа», «Развіццё мовы вучняў на ўроках літаратуры», даведніка «Літаратурная Гомельшчына» (у суаўтарстве), работ метадычнага характару.

Супрацоўнікам кафедры беларускай літаратуры з’яўляўся Сяргей Ханеня (1964–2014), аўтар манаграфіі «Амплiтуда мастацкасцi: Умоўнасць у беларускай прозе канца ХХ стагоддзя», дзе асэнсавана эвалюцыя i эманацыя мастацкай умоўнасцi, прааналiзаваны тэндэнцыi, што абумовiлi зварот пiсьменнiкаў да гэтага прынцыпу ў 1980–1990-х гг.

Плённа працуе ў кірунку вывучэння жанравай спецыфікі беларускай драматургіі, тэорыі літаратуры Віктар Яцухна, колішні дацэнт кафедры. Ён аўтар манаграфіі «Беларуская малафарматная драматургіяХVI — першай паловы ХХ стст.», вучэбна-метадычных дапаможнікаў «Асноўныя літаратуразнаўчыя метады і школы», «Тэорыя літаратуры». Аўтар гэтага артыкула напісала манаграфіі «Паэтыка твораў Кузьмы Чорнага», «Канцэптуалізацыя нацыянальнага ў беларускай прозе першай трэці ХХ стагоддзя», зборнік навуковых артыкулаў «Літаратура і Час: плыні, тэндэнцыі, постаці».

Вывучэнне беларускай паэзіі з’яўляецца прадметам навуковых пошукаў дацэнта Алы Брадзіхінай — аўтара манаграфіі «Сучасная беларуская інтымная лірыка: тэндэнцыі і перспектывы развіцця», зборніка навуковых артыкулаў «90-60-90 (Сучасны літаратурны працэс: на шляху да ідэалу)». Спецыфіка жаночай літаратуры — кола навуковых даследаванняў дацэнта Таццяны Фіцнер. Дацэнт кафедры Ірына Бажок правяла цікавае даследаванне, прысвечанае эвалюцыі жанру эсэў беларускай літаратуры.

Сёлета выкладчыкамі кафедры падрыхтавана калектыўная манаграфія «Беларуская літаратура як сацыякультурны феномен: мастацкія дамінанты, жанравы генезіс». Супрацоўнікі кафедры беларускай літаратуры — актыўныя аўтары самых разнастайных даведнікаў, энцыклапедый, слоўнікаў. Так, І. Штэйнер, В. Смыкоўская, В. Шынкарэнка, В. Ярац, А. Мельнікава, І. Бажок з’яўляюцца аўтарамі шматлікіх артыкулаў для энцыклапедычнага даведніка «Янка Купала», «Энцыклапедыі літаратуры і мастацтва» ў 5 тамах, энцыклапедый «Беларускі фальклор», «Уладзімір Караткевіч», «Максім Багдановіч», біябібліяграфічнага слоўніка «Беларускія пісьменнікі» ў 6-ці тамах.

В. Шынкарэнка, В. Яцухна — сярод аўтараў самага аўтарытэтнага на сёння выдання «Гісторыя беларускай літаратуры ХХ стагоддзя».

Супрацоўнікі кафедры беларускай літаратуры прымаюць удзел у падрыхтоўцы і распрацоўцы вучэбных і вучэбна-метадычных дапаможнікаў для ўстаноў адукацыі Рэспублікі Беларусь рознага ўзроўню, з’яўляюцца членамі рэдакцыйных калегій навуковых часопісаў, пастаянна прымаюць удзел у выкананні дзяржаўных праграм фундаментальных даследаванняў.

Анжэла МЕЛЬНІКАВА