Народная памяць да сёння трывожыць нашчадкаў маўклівымі помнікамі жудасных трагедый Другой сусветнай вайны, што прайшлася па Беларусі ў саракавыя гады мінулага стагоддзя.
Напярэдадні 79-й гадавіны Перамогі над нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў Вялікай Айчыннай вайне савецкага народа студэнты факультэта замежных моў і іх госці-аднагодкі Алёна Самаст і Ганна Ломінцава з Гжэлі, што цяпер стажыруюцца ў нас па праграме студэнцкага абмену, наведалі мемарыял «Помнік дзецям-ахвярам Вялікай Айчыннай вайны 1941-1945 г.г.» у вёсцы Чырвоны Бераг Жлобінскага раёна ў якасці патрыятычна-краязнаўчай экскурсіі па Гомельшчыне 18.04.2024 г.
Цяжкае ўражанне надоўга адбілася ў душах юных слухачоў ад аповяду экскурсавода пра злачынствы фашысцкіх вылюдкаў, зладзіўшых у гады акупацыі дзіцячы канцлагер у панскай сядзібе для забору крыві на патрэбы лячэння параненых нямецкіх забойцаў.
Пустыя белыя парты… Мёртвы клас… Класная дошка, на якой белым па чорнаму, нібы крэйдай, напісаны ліст 15-галовай дзяўчынкі, сканаўшай у германскім рабстве з прычыны нечалавечых умоў, створаных для яе «цывілізаванымі» нямецкімі гаспадарамі... А навокал – яблыневы сад, што вось-вось ужо расцвіце…
Крыху нібы злагодзіла ўражанне наведванне маёнтка канца ХIX ст. паноў Козел-Паклеўскіх, што знаходзіцца побач з мемарыялам. Адрэстаўраваныя шыкоўныя пакоі палаца-музея, велічны зацішны стары парк… Уражанні ў межах адной экскурсіі кантрастуюць, не сумяшчаюцца: помнік архітэктуры, дзе на абодвух паверхах ні адзін з адметным мастацкім густам зроблены пакой не паўтарае іншы, сцены, што памятаюць падзеі стагодзяў і раскошу мясцовай шляхты, не ўжываюцца ва ўяўленні з дзікунствам вырадкаў, што прыйшлі сюды жорстка нішчыць нашых людзей праз паўстагоддзя пасля ўзнікнення палаца...
Пад вялікім уражаннем ад пачутага і ўбачанага вярталася нашая моладзь назад, у сцены роднай альма-матэр, каб далей вучыцца і набываць веды, адчуваючы розніцу паміж тым, штó яны сёння маюць і як можа быць усё разбурана з прычыны фашыстоўскай ідэалогіі звышамбітных крыважэрцаў.
Намеснік дэкана па выхаваўчай рабоце Р.У.Серыкаў