“Маркаўскаму роду няма пераводу”: незвычайная выстава адкрылася ў ГДУ імя Ф. Скарыны

Submitted by Dmitry_Gorbachev on пят, 09/02/2018 - 10:19

Каларытным нацыянальным касцюмам, мілагучнай жывой музыкай, запальным народным танцам ды кубкам хатняга малака сустрэла аматараў беларускай народнай творчасці і этнаграфіі незвычайная экспазіцыя “Маркаўскаму роду няма пераводу”, якая адкрылася 9 лютага ў выставачнай зале ГДУ імя Ф. Скарыны.

Захавальнікі каштоўнай спадчыны нашых прадзедаў – брат і сястра Віктар і Вольга Шыпковы — на працягу дзесяці гадоў шукалі і збіралі па крупіцах цэнныя экспанаты. І сёння мы, жыхары сучаснага горада, можам ацаніць здабытыя імі скарбы.

Побытавыя рэчы сялян, драўляны і чыгунны посуд, разнастайныя прылады працы, тканыя посцілкі, ручнікі ды набожнікі, ільняныя касцюмы з вышыванкамі – усяго каля пяцісот цікавых атрыбутаў беларускай вёскі пачатку XX стагоддзя ствараюць тую атмасферу беларускасці, якая прымушае міжволі залюбавацца і  захапіцца хараством свайго роднага, нацыянальнага.

— Мы імкнуліся данесці да сучаснікаў цэласны вобраз жыцця продкаў, — распавядаюць аўтары выставы. – Пачынаючы ад самых дробязных рэчаў паўсядзённага ўкладу, фальклорных звычаяў і традыцый да адметных асаблівасцей іх светапогляду.

Дарэчы, светапогляд вяскоўцаў адлюстроўваецца і ў пажаўцелых з цягам часу фотаздымках, і ў карцінах, вытканых на посцілках ды дыванах, і ва ўзорах арнаменту на ручніках, хусцінках, фартухах.

Па словах Віктара і Вольгі Шыпковых, калекцыя рэгіянальнай спадчыны Гомельшчыны расла падчас фальклорна-этнаграфічных экспедыцый, папаўнялася намаганнямі сяброў, сваякоў і іншых неабыякавых людзей. А яе пачаткам стала старадаўняя кашуля, выпадкова знойдзеная Віктарам у закінутай разбуранай вясковай хаце:

— Кожны экспанат мае сваю гісторыю, за кожным – апавяданне пра сапраўднае жыццё. Не кнігі, а жывыя атрыбуты, прадстаўленыя на выставе, лепш за ўсё малююць яскравую карціну мінулага беларусаў.

Як і меркавалася, незвычайная экспазіцыя прыйшлася да спадобы яе наведвальнікам. Для сучаснай моладзі, якая жыве падчас росквіту інфармацыйных тэхналогій, часцінка далёкага і роднага нагадала пра нацыянальныя карані, прымусіла з гонарам зірнуць на каштоўнасці нацыі.

— Для нас гэта нешта дзіўнае і незвычайнае, — падзяліліся госці выставачнай залы. – Убачыць такое багацце сваімі вачыма, паспрабаваць свае здольнасці ў гульне на вясковым бубне, пакруціць кола старажытнага калаўроту, накінуць на плечы стракатую жаночую хусцінку – гэта тыя ўражанні і невымоўныя эмоцыі, якія ўмацоўваюць нацыянальную самасвядомасць.

Выстава “Маркаўскаму роду няма пераводу” будзе працаваць у выставачнай зале ГДУ імя Ф. Скарыны да 1 сакавіка. Уваход вольны.

Святлана Хазей

Фота Анастасіі Лашкевіч і Уладзіміра Чысціка

Фотасправаздача