Сучасная моладзь выбірае навуку

Submitted by Dmitry_Gorbachev on пан, 25/03/2019 - 14:52

Больш за 20 выкладчыкаў Гомельскага дзяржаўнага універсітэта імя Ф. Скарыны, якія прадстаўлялі ўсе факультэты, у мінулую суботу працавалі ў журы адкрытай канферэнцыі навучэнцаў.

Традыцыйна ў канцы сакавіка ў гімназіі №10 г. Гомеля праходзіць адкрытая канферэнцыя вучэбна-даследчых работ навучэнцаў «Свабодны выбар». У гэтым годзе яна ўжо XV па ліку.

У дзесяці прадметных секцыях канферэнцыі "Мастацтва слова" (руская мова і літаратура), "Кітайская мова", "Беларуская мова і культура англамоўных краін", "Чалавек і прырода" (геаграфія, біялогія, хімія і экалогія), "Спадчына" (быларуская мова і літаратура), "Дзіўны свет гісторыі" (гісторыя і грамадазнаўства), "Мысляр" (матэматыка і эканамічная тэорыя), "Тэхніка на службе ў чалавека" (фізіка, астраномія, інфарматыка), "Родная старонка" (краязнаўства і культуралогія) і "Чалавек і соцыум" (сацыялогія, этыка, псіхалогія і ЗОЖ) свае працы прадставiлі амаль 300 навучэнцаў 5-11 класаў сярэдніх школ, гімназій, ліцэяў г. Гомеля і шэрагу раёнаў Гомельскай вобласці.

З павучальным словам да юных даследчыкаў звярнуўся прафесар, доктар фізіка-матэматычных навук Міхаіл Васільевіч Селькiн, які на сваім прыкладзе раскрыў перад рабятамі перспектывы іх далейшай даследчай дзейнасці, распавёў пра магчымасць развіцця сваіх здольнасцяў пасля заканчэння школы і паступлення ва ўніверсітэт.

Актуальнасць, практычную значнасць праведзеных даследаванняў, важнасць атрыманых вынікаў ацэньвала экспертная камісія, у склад якой увайшлі выкладчыкі нашага універсітэта разам з калегамі са школ і гімназій горада. На думку прадстаўнікоў вышэйшай школы, дадзеная канферэнцыя заўсёды выклікае вялікую цікавасць у вучняў, дапамагае адораным дзецям праяўляць інтэлектуальныя здольнасці, а педагогам - удасканальваць работу па прафесійнай арыентацыі навучэнцаў.

Многія ўдзельнікі заключнага (вочнага) этапа канферэнцыі атрымалі пахвальныя водгукі ад ГДУ, а аўтары лепшых дакладаў былі ўдастоены дыпломаў ад арганізатараў - аддзела адукацыі, спорту і турызму Гомельскага гарвыканкама, гімназіі №10 г. Гомеля і ГДУ імя Ф. Скарыны.


У ходзе мерапрыемства юныя навукоўцы змаглі атрымаць каштоўныя рэкамендацыі ад дарослых «калегаў» з ГДУ, а таксама парады па паступлення ва ўніверсітэт і інфармацыйныя буклеты ад студэнтаў нашай ВНУ, якія арганізавалі інфармацыйны стэнд у холе гімназіі.

У Рэспубліцы Беларусь работа з адоранымі дзецьмі і моладдзю набыла статус дзяржаўнай праграмы. Выяўленню і развіццю талентаў спрыяюць шматлікія конкурсы, канферэнцыі, што правозяцца на розных узроўнях. Велізарную дапамогу ў правядзенні і арганізацыі мерапрыемства аказалі валанцёры факультэта псіхалогіі і педагогікі А.Д. Зелянкевіч, І.С. Кубліцкая, О.В. Мельнікава, О.О. Рагалевіч.

Фотасправаздача