Два пункты гледжання ў адной экспазіцыі

Submitted by ias on пят, 15/01/2021 - 17:36

На базе Гомельскага дзяржуніверсітэта імя Францыска Скарыны адбылося адкрыццё выставы «Пункты гледжання». Яе аўтары – Кірыл Крахалёў і Кацярына Кардончыкава – мастакі, якія бачуць працэс стварэння сваіх работ па-рознаму, з процілеглых палюсоў.

Ва ўрачыстай абстаноўцы з прывітальным словам да прысутных звярнуўся прарэктар па выхаваўчай рабоце Юрый Нікіцюк.

– Вельмі прыемна, што першая ў гэтым годзе выстава, якую мы адкрываем на базе нашай залы, прадстаўлена работамі аўтараў, якія змаглі сумясціць зусім розныя творы мастацтва ў адну кампазіцыю, – адзначыў Юрый Валер’евіч.

Аўтары прызнаюцца, што для іх галоўнай задачай, галоўнай канцэпцыяй гэтай выставы было аб’яднаць два пункты гледжання на аб’ект мастацтва і паглядзець, што атрымалася.

– Мяне ў працэсе стварэння скульптуры цікавіць матэрыял. Часцей, прыступаючы да працы, я не выкарыстоўваю ніякага эскіза. Проста таму што яго і не было, – дзеліцца Кірыл. – Каця жа – мастак, у якога карціны з’яўляюцца свайго роду фіксацыяй імгненнага эмацыйнага, псіхалагічнага стану. Такія розныя нашыя пазіцыі.

Мастакі спадзяюцца, што наведвальнікі змогуць улавіць пластычны пасыл, які нясуць у сабе прадстаўленыя творы, не маючы патрэбы ў якім-небудзь вербальным суправаджэнні.

Выстава будзе доўжыцца да 10 лютага і будзе даступная ўсім жадаючым абсалютна бясплатна.

Андрэй ВЯЛІКІ

Фота аўтара

Фотасправаздача