27-гадовы дэлегат Усебеларускага народнага сходу гамяльчанін Аляксей Зайцаў – чалавек яркі, з актыўнай жыццёвай пазіцыяй. Фізік-інжынер, юрыст, магістр, выкладчык. Падчас вучобы на факультэце фізікі ГДУ імя Францыска Скарыны быў сакратаром пярвічкі БРСМ. Неаднаразова ўдзельнічаў у рэспубліканскім конкурсе “100 ідэй для Беларусі”. Удзел ва Усебеларускім народным сходзе для яго – важная падзея ў жыцці, а найбольш цікавіць пытанне – падтрымка моладзі ў гэту пяцігодку.
100 ІДЭЙ
Інжынер-фізік Аляксей Зайцаў не жадае жыць у сумным свеце, ён увесь час яго змяняе. Увасабляючы ў жыццё свае творчыя задумкі. Пяць гадоў запар удзельнічаў у рэспубліканскім конкурсе “100 ідэй для Беларусі”. Да гэтага малады навуковец прэзентаваў праекты па энергазберажэнню, экалогіі і медыцыне, а ў гэтым годзе прадставіў “Хутар Мёбіуса” – распрацоўку для аграпрамысловага комплексу. Праект прадугледжвае стварэнне аўтаномнай станцыі, якую можна выкарыстоўваць на фермерскіх і сельскагаспадарчых участках. Яна зможа акумуляваць энергію сонца і ветру, а затым выкарыстоўваць яе для кантролю глебы, сістэмы паліву, збору метэаралагічных паказанняў і выкарыстання сістэм абароны культур. Аляксей лічыць, што фермеры могуць далучыць да метэакропкі сістэмы па паліванню і ўгнаенню глебы, усталяваць сонечныя батарэі і механізм, які будзе паведамляць аб пранікненні кратоў або дробных грызуноў.
Увасабляць свае ідэі ў жыццё – адна з найважнейшых патрэбаў развіцця маладой асобы, упэўнены Аляксей:
– На ўласным вопыце, а зараз і вопыце сваіх вучняў я бачу, наколькі важная для вучонага, вынаходніка, любой творчай асобы падтрымка. Гэта не толькі падтрымка родных і блізкіх, але і дапамога з боку дзяржавы. Каб таленавіты чалавек мог атрымліваць “зялёнае святло” для сваіх ідэй і вынаходак, якія дапамагаюць развіццю краіны. У нас працуюць такія конкурсы і праграмы, але іх павінна з кожным годам станавіцца больш.
У БРСМ ЗА ПРАЦАЙ
Дэлегатам на Усебеларускі народны сход Аляксей Зайцаў накіраваны ад Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі. З БРСМ яго звязвае цікавая гісторыя, успамінае выкладчык:
– Хтосьці прыходзіць у маладзёжную арганізацыю для злётаў, праектаў, а я з 8 класа шукаў працу на лета. Патрэбныя былі асабістыя грошы. Праз БРСМ мяне і накіроўвалі на розныя прадпрыемствы. Потым уцягнуўся ў грамадскую працу. Ва ўніверсітэце быў сакратаром пярвічкі, удзельнічаў у добраахвотнай дружыне. Зараз актыўна супрацоўнічаем у рамках розных праектаў, вось прызнаны годным прадстаўляць Гомельшчыну на Усебеларускім народным сходзе.
Дэлегат цалкам падзяляе праект пяцігадовага плана па стварэнні магчымасцяў для развіцця і самарэалізацыі моладзі ў Беларусі. Маладзёжная палітыка павінна быць сканцэнтраваная на фармаванні прававых, культурных і маральных каштоўнасцяў у маладога пакалення, што стане асновай для яго патрыятычнага выхавання і служэння Айчыне.
Намаганні дзяржавы трэба накіраваць на стварэнне ўмоў для сацыялізацыі і эфектыўнай самарэалізацыі маладых людзей, раўнапраўнага іх удзелу ў эканамічным, сацыяльным і культурным развіцці грамадства.
27-гадовы выкладчык упэўнены, што моладзь будзе больш актыўна ўцягнутая ў працэс прыняцця кіраўніцкіх рашэнняў, у тым ліку праз фарміраванне рэзерву маладых кіруючых кадраў. Плануецца стварыць пастаянна дзеючыя моладзевыя дыскусійныя пляцоўкі для розных грамадскіх ініцыятыў. З’явіцца адзіны інфармацыйны партал у сферы маладзёжнай палітыкі. У выніку ахоп моладзі рознымі формамі грамадска-палітычнай і сацыяльна-эканамічнай дзейнасці складзе 86 працэнтаў.
– Клопат пра людзей – галоўная задача сацыяльнай дзяржавы, – перакананы Аляксей Зайцаў. – Менавіта мы павінны захаваць і ўмацаваць гэтыя закладзеныя ў беларускую дзяржаўнасць асновы. Каб нашы дзеці мелі бясплатную медыцыну, адукацыю, сацыяльныя выгоды. Мы павінны навучыць новыя пакаленні шанаваць і ганарыцца дасягненнямі бацькоў.