Гартаем старонкі гісторыі горада

Submitted by ias on чцв, 03/06/2021 - 14:46

Гомель – старажытны горад. Яго гісторыя бярэ пачатак з глыбокай даўніны. 1142 год – год упамінання паселішча ў пісьмовых крыніцах. Слухачы падрыхтоўчага аддзялення, замежныя грамадзяне, нядаўна заглянулі ў далёкае мінулае горада. Яны прайшлі сцежкамі нашых продкаў па вуліцы Савецкай, якая за час свайго існавання мела некалькі назваў: Прабойная, Румянцаўская. У мемарыяльным кутку насупраць гарадской цэнтральнай бібліятэкі адбылося знаёмства з асноўнымі этапамі гістарычнага шляху Гомеля. Тут жа слухачы ўбачылі дошку гонару абласнога цэнтра. Па вуліцы Савецкай размешчаны некаторыя старадаўнія будынкі: упраўленне нацыянальнага банка краіны, стары ўнівермаг, фабрыка “Палесдрук”, якія прыцягнулі ўвагу нашых экскурантаў. Кіеўскі спуск у парку прывёў замежцаў да легендарнай велічнай постаці першага гамяльчаніна, што плыве ў незвычайным чоўне з сімвалам горада рыссю. Спускаемся да ракі Сож, якая калісьці называлася Нерэяй. У грэчаскай мове гэтае слова азначала “паток вады”. Гарадзішча, замчышча, падземныя хады ў выглядзе адтулін, набярэжная, мясцовыя вудары з багатым уловам, жывая рачная рыба – усё гэта выклікала станоўчыя эмоцыі і ў чарговы раз папоўніла фотаархіў. Захоплена глядзелі замежцы на гарадскія фантаны.

Адзін са слухачоў падрыхтоўчага аддзялення і ўдзельнік экскурсіі Абдул прыехаў вучыцца з рэспублікі Гана. Ён кажа, што яму падабаецца Гомель. Тут чыста і ўтульна, а незвычайная атмасфера парку ўздымае настрой.

Л.П. Кузьміч, кафедра прафарыентацыі і давузаўскай падрыхтоўкі

Фотасправаздача