Дыялекталагічная практыка студэнтаў-філолагаў

Submitted by kd on пан, 10/07/2017 - 16:25

Для студэнтаў 2 курса філалагічнага факультэта спецыяльнасці “Беларуская філалогія” дыялекталагічная практыка пачалася с прадчування чагосьці новага і цікавага. Падарожжа дзяўчат праходзіла па вёсках Івакі, Лагуны, Стараселле, Церахоўка, Насовічы Добрушскага раёна.

Асноўная мэта практыкі – збор фактычнага матэрыялу з захаваннем усіх фанетычных і граматычных асаблівасцей. Трэба адзначыць, што мясцовыя жыхары адзначаных населеных пунктаў вылучаюцца сваёй ветлівасцю і дабразычлівасцю, з вялікай ахвотай ідуць на кантакт. Большая колькасць з іх прыехалі ў Добрушскі раён з Расіі ці Украіны, таму гаворкі гэтага рэгіёну вызначаюцца спляценнем фанетычных і граматычных асаблівасцей усіх трох краін. Абрады, звычаі і песні таксама складаюць арганічную частку фальклорна-этнаграфічнай спадчыны беларусаў.

Напрыклад, абрад пахавання стралы або ваджэння сулы – адметная з’ява веснавой каляндарна-абрадавай паэзіі Добрушчыны. Комплекс карнавальных тэатралізаваных дзеянняў меў пэўны магічны сэнс: рытуальнае дзейства пераапранутых персанажаў з венікам, сімволіка якога была звязана са шлюбам, абліванне вадой дзеда і бабы, пераапрананне старцамі – усё гэта ўваходзіць у духоўную скарбонку Добрушчыны.

Падводзячы вынікі практыкі, мы адзначылі, што становішча Добрушскага раёна, які мяжуе з Расіяй і Украінай, садзейнічае фарміраванню некаторых адметных рыс, якія дапаўняюць агульную спадчыну духоўнай культуры беларусаў. Двухбаковыя і трохбаковыя ўзаемасувязі, пастаянныя кантакты прыкметна ўзбагачаюць творчасць рэгіёна, спрыяюць узнікненню ў моўнай і духоўнай культуры Добрушскага раёна і сумежных з ім раёнаў Расіі агульных рыс.

Анастасія Язерская,

 студэнтка 2 курса філалагічнага факультэта

Фотасправаздача