Зборнікі паэзіі пра беларускую мову

Опубликовано Dmitry_Gorbachev - пт, 23/02/2018 - 15:11

21 лютага, у Міжнародны дзень роднай мовы, музей-лабараторыю Ф. Скарыны інфармацыйна-аналітычнага аддзела наведалі вучні 7 класа гомельскай гімназіі № 51. Прывёў іх выпускнік і аўтар гімна нашага ўніверсітэта, іх класны кіраўнік С.Г. Крупенька.

Наведвальнікі з цікавасцю і ўвагай выслухалі выступленне аўтара гэтых радкоў аб трох хрэстаматыях паэзіі пра беларускую мову, складзеныхсупрацоўнікамі нашага ўніверсітэта. Дзве з іх ужо надрукаваны (“Каласы роднай мовы”: Выдавецтва БДУ імя У.І. Леніна, 1990), складальнікі У.В. Анічэнка і К.С. Усовіч; “Сэрцам роднага слова краніся”, Мінск: Народная асвета, 1998, складальнікі М.М. Воінаў і К.С. Усовіч), а трэцяя падрыхтавана аўтарам гэтых радкоў да друку і знаходзіцца пакуль што толькі ў электронным варыянце. Яна абʻяднала вершы з дзвюх папярэдніх хрэстаматый і ўключыла новыя, напісаныя за 20 гадоў пасля выхаду другой хрэстаматыі. У новым паэтычным зборніку (“Паэтычны летапіс беларускай мовы”) 2 тамы больш чым па 700 старонак. Звыш 650 вершаў і ўрыўкаў з паэм складаюць велічны калектыўны вобраз беларускай мовы: паказваюць яе сутнасць, прыгажосць, карысць для беларусаў, асвятляюць яе блізкую і далёкую гісторыю, раскрываюць перад ёю светлыя перспектывы і будучыню, Звыш 250 паэтаў, у тым ліку 42 замежныя, зʻяўляюцца аўтарамі гэтага вобраза.

З яшчэ большай увагай вучні паглыбілі свае веды пра Ф. Скарыну як самага першага слугу і майстра чыста беларускай мовы, беларускага моваведа і пісьменніка.

Аб тым, што ім было тут цікава, сведчаць не толькі іх прызнанне ў гэтым, але і тое, што яны павялічылі перыяд свайго знаходжання ў абедзвюх экспазіцыях з першапачатковых 60 мінут да 90. Вучнямі і выкладчыкам было зроблена шмат фотаздымкаў. У дадатак мерапрыемства было зафіксавана відэакамерай аддзела навін Гомельскага тэлебачання.

К.С. Усовіч, спецыяліст

інфармацыйна-аналітычнага аддзела

Фотоотчёт