Фестываль навукі 2025

Опубликовано ias - пн, 08/09/2025 - 16:31

6 верасня на тэрыторыі Цэнтральнага батанічнага сада НАН Беларусі праводзіўся фестываль навукі. Удзельнікамі інтэрактыўнай пляцоўкі «Скарбы народнай мудрасці беларусаў. Фальклор – аснова духоўнага жыцця нацыі» сталі студэнты філалагічнага і біялагічнага факультэтаў.   

Прафесар кафедры рускай і сусветнай літаратуры Валянціна Новак і студэнтка групы РФ-31 Вікторыя Краўчанка прыклалі шмат намаганняў, каб арганізаваць працэс паспяховай падрыхтоўкі да навукова-папулярнага мерапрыемства «Фестываль навукі 2025».

Студэнты біялагічнага факультэта прадставілі гледачам асобныя фрагменты сцэнізацыі беларускага вяселля. Тэатралізаваныя дзеянні былі гарманічнымі і парадавалі наведвальнікаў мерапрыемства, якія шчыра дзякавалі і за пачутыя звесткі пра вясельную абраднасць, і за выкананне роляў нявесты і жаніха, бацькоў маладых, кума і інш.

Што да выставы кніг па народнай духоўнай спадчыне раёнаў Гомельскай вобласці і іншых рэгіёнаў Беларусі, то ўсе студэнты разам з выкладчыкам гарманічна дапаўнялі адзін аднаго, дэманструючы кнігі. Таццяна Гарусава разам з Дзмітрыем Мяркулавым і Марыяй Стаўскай праводзілі майстар-клас, прысвечаны загадкам. Стараста групы Надзея Васкевіч і Таццяна Гарусава, выконваючы ролі вядучых, распавядалі пра асаблівасці беларускага вяселля.

І выкладчык В. С. Новак, і студэнты імкнуліся данесці да наведвальнікаў фестывалю ідэю важнасці звароту да скарбаў народнай мудрасці. Многіх людзей цікавілі кнігі па народнай духоўнай культуры тых раёнаў, адкуль іх карані.
З цікавасцю ўспрымалі звесткі пра колішнія абрады і звычаі не толькі сталыя жыхары г. Мінска, але і моладзь. Несумненна, што ўдзел студэнтаў у фестывалі навукі з'явіўся важным момантам у іх інтэлектуальным і духоўным развіцці.

Ад факультэта гісторыі і міжкультурных камунікацый удзел у мерапрыемстве прынялі студэнты і выкладчык Антон Шыляеў. Яны прадставілі інтэрактыўную пляцоўку «Скарына і яго час».

У рамках інтэрактыўнай пляцоўкі была арганізавана дэманстрацыя працы кнігадрукарскага станка, якая выклікала цікавасць у публікі. Шматлікія наведвальнікі знаходзіліся на пляцоўцы аж да апошніх хвілін працы фестывалю.

Старшы выкладчык кафедры оптыкі Кацярына Кулеш ў рамках фестывалю навукі прыняла ўдзел у выставачнай экспазіцыі дасягненняў маладых вучоных з навуковымі распрацоўкамі «Тэхналогіі і абсталяванне для нанясення кампазіцыйных пакрыццяў на аснове вугляроду».