Кніга «Нарысы гісторыі культуры Беларусі» – пераможца 57-га нацыянальнага конкурсу «Мастацтва кнігі»!

Опубликовано Dmitry_Gorbachev - чт, 15/03/2018 - 10:27

У намінацыі «Духоўнасць» 57-га нацыянальнага конкурсу «Мастацтва кнігі»  пераможцай стала 4-х томнае выданне «Нарысы гісторыі культуры Беларусі» пад рэдакцыяй А.І. Лакотка. Узнагароды выдавецтвам і аўтарскім калектывам – пераможцам конкурсу «Мастацтва кнігі» былі  ўручаны ў час XXV Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмашу, якая праходзіла 28 лютага — 4 сакавіка 2018 года.

Навуковае выданне было падрыхтавана ў выдавецтве «Беларуская навука» і надрукавана ў 2013 – 2017 гг. Яно змяшчае разгорнутую характарыстыку айчыннай культуры на падставе новых цікавых знаходак навукоўцаў у сферы гісторыі, этналогіі, архітэктуры, мастацтвазнаўства, музыкалогіі і асветніцтва. 5 раздзелаў, прысвечаных культурным традыцыям гараджан Беларусі XIX – пачатку XXI ст., размешчаных у 2 і 4 тамах выдання, належаць аўтарству загадчыка кафедры гісторыі Беларусі ГДУ імя Ф. Скарыны Аксаны Рыгораўны Яшчанка. У 2 томе «Культура гарадоў X – пачатку XX ст.» названага калектыўнага выдання А.Р. Яшчанка ахарактарызавала побыт гараджан Беларусі, сферу добраўпарадкавання і паслуг, сістэму адукацыі.  У 4 томе «Культура XX – пачатку XXI ст.» таксама прадстаўлены сюжэты аб штодзённасці  гарадскога насельніцтва Беларусі, культурных традыцыях жыхароў вялікіх і малых гарадоў краіны ў савецкі час і на сучасным этапе.

Фотоотчёт