Эканамічная адукацыя — адна з самых запатрабаваных у свеце. Яна характарызуецца разнастайнасцю і дынамічным развіццём. Работа ў сферы эканомікі і фінансаў дазваляе пабудаваць паспяховую кар’еру, дае магчымасць стаць лідарам і адкрыць уласны бізнес. Спецыяльнасці “Бізнес-адміністраванне” і “Эканоміка і кіраванне на прадпрыемстве” карыстаюцца нязменным попытам сярод абітурыентаў Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны.
За падрыхтоўку бізнес-адміністратараў і эканамістаў-менеджараў на эканамічным факультэце ГДУ адказвае кафедра эканомікі і кіравання. Загадчык кафедры Іна Бабына ўпэўнена, што да іх прыходзяць самыя падрыхтаваныя абітурыенты. Пры паступленні яны здаюць матэматыку, рускую ці беларускую і замежную мовы, таму валодаюць і гуманітарнымі, і дакладнымі ведамі.
— Наш факультэт — адзін з найбуйнейшых ва ўніверсітэце. На розных эканамічных спецыяльнасцях вучацца больш за 600 студэнтаў, у тым ліку амаль 100 замежных, больш за 200 магістрантаў асвойваюць адукацыйную праграму на англійскай мове, — адзначае Іна Уладзіміраўна.
Здольныя кіраваць бізнесспрацэсамі
“Бізнес-адміністраванне” — спецыяльнасць адносна маладая, аднак вельмі папулярная. Яна была адкрыта ў ГДУ ў 2019 годзе толькі на дзённай форме навучання. А з 2020 года па ёй пачалася падрыхтоўка на англійскай мове, што сведчыць пра запатрабаванасць спецыяльнасці далёка за межамі нашай краіны.
Асаблівасцю падрыхтоўкі па гэтым напрамку з’яўляецца паглыбленае вывучэнне антыкрызіснага кіравання ў рамках адзінай у Беларусі спецыялізацыі “Антыкрызіснае кіраванне прадпрыемствам”. Выпускнікам прысвойваецца двайная кваліфікацыя “менеджар-эканаміст”. У будучыні гэтыя спецыялісты змогуць забяспечыць павышэнне эфектыўнасці бізнес-працэсаў у галіне стратэгічнага менеджменту, кіравання персаналам, фінансамі, маркетынгам на аснове аналізу складаных кіраўніцкіх задач і прыняцця стратэгічных рашэнняў.
Андрэй ФЕДАРОВІЧ, дырэктар ААТ “Гомельаблнафтапрадукт”, выпускнік спецыяльнасці “Эканоміка і кіраванне на прадпрыемстве”:
“У сучасным свеце атрымаць адну адукацыю і спыніцца на дасягнутым — гэта вялікая памылка. Неабходна вывучаць новыя падыходы, напрамкі, трэнды. Прычым сёння для гэтага існуюць усе магчымасці — праз інтэрнэт адкрыты глабальны паток патрэбнай і цікавай інфармацыі. Толькі трэба паставіць мэту і не марнаваць часу.
Пры гэтым я ўпэўнены, што эфектыўна самаўдасканальвацца можна толькі пры наяўнасці трывалага падмурка, закладзенага ва ўніверсітэце. Што асабіста мне даў родны Гомельскі дзяржуніверсітэт? Асноўныя веды па кваліфікацыйных прадметах, уменне працаваць і камунікаваць у камандзе, самаарганізоўвацца, хутка рэагаваць на змены сітуацыі і аператыўна прымаць рашэнні. Часам было няпроста, але цяжкасці загартоўваюць і робяць нас мацнейшымі. Я ўдзячны выкладчыкам, якіх памятаю да гэтага часу: Барысу Уладзіміравічу Сарвіраву, Уладзіміру Піліпавічу Бабыну, Тамары Васільеўне Карпей.
Прыемна бачыць, як развіваецца наш універсітэт, як удасканальваецца яго матэрыяльна-тэхнічная база, укараняюцца сучасныя тэхналогіі ў сферу навучання. Сёння некаторыя маладыя людзі глядзяць у бок адукацыі за мяжой. Але я лічу, што базавую вышэйшую адукацыю трэба атрымаць на Радзіме. А далей усё ў вашых руках. У сучасным свеце атрымаць другую адукацыю можна аддалена ў любым універсітэце свету”.
— Студэнты вывучаюць бізнес-планаванне, бізнес-лідарства, бізнес-статыстыку, маркетынг і менеджмент, кіраванне праектамі і інвестыцыямі, кіраванне персаналам, бізнес-камунікацыі на замежнай мове, антыкрызіснае кіраванне ў арганізацыі і іншыя профільныя дысцыпліны, — падкрэслівае загадчык кафедры. — Калі мы рыхтавалі дакументы па новай спецыяльнасці, то разумелі, што, акрамя эканамічных ведаў, спецыялістам спатрэбяцца веды ў галіне інфармацыйных тэхналогій і замежная мова. Прадугледзелі гэта вучэбнымі праграмамі. Замежную мову студэнты вывучаюць на працягу ўсяго перыяду. У выніку нашы выпускнікі набываюць універсальны набор кампетэнцый, патрэбны сучаснаму кіраўніку.
Выпускнікі спецыяльнасці “Бізнес-адміністраванне” змогуць працаўладкавацца ў арганізацыі малога, сярэдняга і буйнога бізнесу ўсіх форм уласнасці і галіновай прыналежнасці, у арганізацыі сферы інфармацыйных тэхналогій і дзелавых паслуг, органы дзяржаўнага кіравання. Яны змогуць працаваць на пасадах кіраўніка і спецыяліста, бізнес-аналітыка і эканаміста, маркетолага і менеджара па продажы тавараў.
Сінтэз менеджменту, маркетынгу і эканомікі
Больш за 20 гадоў ва ўніверсітэце ажыццяўляецца падрыхтоўка па спецыяльнасці “Эканоміка і кіраванне на прадпрыемстве”. Яна арыентавана на падрыхтоўку спецыялістаў, якія распрацоўваюць кіраўніцкія рашэнні для павышэння эфектыўнасці работы суб’ектаў гаспадарання.
Па выніках навучання выпускнікі атрымліваюць двайную кваліфікацыю “эканаміст-менеджар”. Спецыялісты ажыццяўляюць кіраўніцтва арганізацыямі і структурнымі падраздзяленнямі, пераважна эканамічнымі, ва ўмовах эканомікі ведаў. Дадатковы акцэнт у падрыхтоўцы зроблены на фарміраванні ведаў і навыкаў у галіне прадпрымальніцкай дзейнасці, неабходных для арганізацыі бізнесу і самазанятасці.
— На гэтай спецыяльнасці ў нас дзейнічае дзве спецыялізацыі. “Эканоміка працы” арыентавана на паглыбленую падрыхтоўку спецыялістаў па рабоце з персаналам і ў сферы працоўных адносін з элементамі HR-менеджменту. Спецыялізацыя “Эканоміка і прававое забеспячэнне гаспадарчай дзейнасці” скіравана на фарміраванне ў выпускнікоў больш шырокага кола прафесійных кампетэнцый па распрацоўцы стратэгіі і планаў развіцця канкурэнтаздольных вытворчасцей і суб’ектаў гаспадарання, — удакладняе Іна Бабына.
Вучэбным планам спецыяльнасці прадугледжана вывучэнне такіх дысцыплін, як “Эканоміка арганізацыі”, “Менеджмент” і “Маркетынг”, “Арганізацыя вытворчасці” і “Вытворчыя тэхналогіі”, “Эканоміка малога бізнесу” і “Прадпрымальніцкая дзейнасць”, “Рызыка-менеджмент” і “Страхаванне” і шэрага іншых. Вельмі падабаюцца студэнтам вытворчыя экскурсіі на прадпрыемствы, асабліва калі маладыя людзі маюць магчымасць параўнаць умовы працы на іх.
Настасся СЕЛЮКОВА, студэнтка 2 курса спецыяльнасці “Бізнес-адміністраванне”:
“Я заўсёды любіла эканоміку, мне падабаецца планаваць свае дзеянні, аналізаваць вынікі. Пра адкрыццё новай спецыяльнасці ў ГДУ я даведалася напярэдадні паступлення і адразу ж зацікавілася. Вучуся з задавальненнем. У нас класныя выкладчыкі, яны праводзяць цікавыя лекцыйныя і семінарскія заняткі. Калі нешта незразумела, яшчэ раз падрабязна патлумачаць. Я таксама ўваходжу ў студэнцкі савет эканамічнага факультэта. Актыўна ўдзельнічаю ў розных мерапрыемствах. У будучыні мару стаць выдатным спецыялістам у галіне эканомікі і развівацца ў гэтым кірунку.
У атмасферы творчасці
Разам з загадчыкам кафедры эканомікі і кіравання ГДУ мы разважаем пра тое, якія кадры сёння запатрабаваны і што натхняе сучасных студэнтаў на работу і творчасць.
— Колькі б мы ні гаварылі, што патрэбна вузкая спецыялізацыя, на самай справе кіраўнік павінен валодаць шырокім колам ведаў, — гаворыць Іна Уладзіміраўна. — Часам бывае складана прадказаць, дзе і ў якім напрамку чакае поспех, калі не разумееш міждысцыплінарных сувязей. Эканамісты вельмі запатрабаваны на прадпрыемствах і ў эканамічных органах дзяржаўнага кіравання. Аднак наймальнік не бярэ работніка з заплюшчанымі вачыма, ён запрашае кандыдата на гутарку. Студэнты павінны быць адкрытымі да камунікацыі, умець разважаць, быць стрэсаўстойлівымі і годна паводзіць сябе за рамкамі адукацыйнага працэсу. Таму сёння мы стараемся прыцягваць маладых людзей да ўдзелу ў самых розных мерапрыемствах — ад кафедральных да рэспубліканскіх і нават міжнародных.
Кожны год кафедра праводзіць алімпіяды, якія сталі ўжо традыцыйнымі. Па эканоміцы арганізацыі — для студэнтаў універсітэтаў і навучэнцаў сярэдніх спецыяльных устаноў адукацыі. Па менеджменце — для моладзі з устаноў вышэйшай адукацыі з прыцягненнем не толькі гомельскіх, але і іншых беларускіх і нават замежных універсітэтаў. Алімпіяда па маркетынгу праводзіцца для студэнтаў і школьнікаў. На яе арганізатары запрашаюць таксама прадстаўнікоў прадпрыемстваў.
— Сёлета мы ўзаемадзейнічалі з Гомельскім аблвыканкамам па лініі распрацоўкі рэгіянальнага брэнда. Да пандэміі тры гады праводзілі Сусветны тыдзень прадпрымальніцтва. Ставілі на мэце прыцягнуць да супрацоўніцтва як мага больш прадстаўнікоў розных сфер: органаў дзяржаўнага кіравання, грамадскіх арганізацый, прыватных прадпрыемстваў, — расказвае Іна Бабына.
Калектыў кафедры імкнецца стварыць атмасферу, дзе і студэнты, і выкладчыкі знаходзяцца ў творчым пошуку, мараць увасобіць свае ідэі ў жыццё. Складана пераацаніць ролю акалічнасцей, якія вымушаюць маладых людзей станавіцца больш актыўнымі, ініцыятыўнымі і мэтанакіраванымі.
Напрыканцы сустрэчы цікаўлюся меркаваннем загадчыцы кафедры наконт сучасных студэнтаў: ці сталі яны больш дзелавымі, або, магчыма, наадварот?
— Наша жыццё стала больш інтэнсіўным, таму цяперашнія студэнты больш цэняць час, — заўважыла Іна Уладзіміраўна. — А яшчэ мне запомнілася адна сітуацыя: у рамках дысцыпліны “Эканоміка арганізацыі” мы праводзілі конкурс праектаў. Тады я спытала ў студэнтак, ці хочуць яны рэальна займацца гэтым. У адказ пачула наступнае: “Для конкурсу мы выбралі ўмоўны праект, а тое, чым мы хочам займацца, — наша камерцыйная тайна!” Гэта быў другі курс! І я вельмі ўразілася: нашы студэнты разумныя, асцярожныя, мэтанакіраваныя, здольныя станавіцца лідарамі і дасягаць поспеху. У іх, безумоўна, усё атрымаецца!
Кацярына КАВАЛЕНКА.
Фота аўтара і з архіва герояў.
Поўная версія матэрыялу на сайце крыніцы