Памяці заснавальніка тэарэтычнай фізікі ў Беларусі (Настаўніцкая газета, 1 ліпеня 2021 года)

Опубликовано Dmitry_Gorbachev - пн, 05/07/2021 - 12:30

Вядомыя вучоныя-фізікі з усёй краіны сабраліся ў Гомельскім дзяржаўным універсітэце імя Францыска Скарыны на анлайн-канферэнцыі, прысвечанай 110-годдзю з дня нараджэння Фёдара Фёдарава. Фёдар Іванавіч — выдатны фізік-тэарэтык, акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, доктар фізіка-матэматычных навук, прафесар, Герой Сацыялістычнай Працы, заслужаны дзеяч навукі БССР.

У мерапрыемстве прынялі ўдзел вучоныя з большасці навуковых і адукацыйных устаноў краіны, якія заявілі звыш 65 дакладаў. Пачаў канферэнцыю рэктар ГДУ імя Францыска Скарыны доктар фізіка-матэматычных навук Сяргей Хахомаў, які падзяліўся з калегамі ўласнымі ўспамінамі пра акадэміка Фёдара Фёдарава.

Прыняць асабісты ўдзел у рабоце форуму пажадалі непасрэдныя вучні і паслядоўнікі вучонага — доктар фізіка-матэматычных навук, акадэмік, акадэмік-сакратар Аддзялення фізікі, матэматыкі і інфарматыкі НАН Беларусі Валянцін Арловіч, член-карэспандэнт НАН Беларусі, доктар фізіка-матэматычных навук, прафесар Анатоль Сердзюкоў, доктар фізіка-матэматычных навук прафесар кафедры агульнай фізікі і методыкі выкладання фізікі МДПУ імя І.П.Шамякіна Генадзь Кулак, кіраўнікі і выкладчыкі факультэта фізікі і інфармацыйных тэхналогій ГДУ.

У 2002 годзе Нацыянальная акадэмія навук заснавала прэмію імя акадэміка Ф.І.Фёдарава, якая ўручаецца раз на тры гады “за лепшую навуковую работу (цыкл работ), што ўнесла вялікі ўклад у развіццё фізіка-матэматычных навук”.

У сваім выступленні акадэмік Арловіч прадставіў Фёдара Фёдарава як заснавальніка тэарэтычнай фізікі ў Беларусі.

— Фёдар Іванавіч быў першым акадэмікам у галіновым Аддзяленні фізіка-матэматычных навук АН БССР, якое было створана ў 1963 годзе, а ў 1987-м перайменавана ў аддзяленне фізікі, матэматыкі і інфарматыкі. 24 гады ён кіраваў структурай. Трэба сказаць, гэта быў вельмі няпросты час дынамічнага развіцця, калі раслі інстытуты фізікі і матэматыкі. Ён курыраваў стварэнне Аб’яднанага інстытута энергетычных і ядзерных даследаванняў — Сосны НАН Беларусі, дзе разам з ядзерным рэактарам прапаноўваў пабудаваць невялікі даследчы паскаральнік. Ужо тады Фёдар Іванавіч праявіў сябе стратэгам у арганізацыі навукі. Ён стварыў першую ў Беларусі кафедру тэарэтычнай фізікі ў БДУ. Уклад акадэміка Фёдарава ў айчынную навуку немагчыма пераацаніць, — расказаў Валянцін Арловіч.

У фармаце відэаканферэнцыі навуковыя даклады прачыталі калегі з Інстытута фізікі імя Б.І.Сцяпанава Нацыянальнай акадэміі навук. Успамінамі аб рабоце з выдатным вучоным падзяліліся яго вучні, якія дасягнулі навуковых вяршынь.

Разважанні калегі працягнуў прафесар кафедры агульнай фізікі і методыкі выкладання фізікі МДПУ імя І.П.Шамякіна Генадзь Кулак:

— Навуковыя дасягненні  Фёдара Фёдарава проста немагчыма пералічыць. Ён пабудаваў крышталеоптыку, вядомую ва ўсім свеце. Мой напрамак як паслядоўніка вучонага — гэта тэорыя пругкіх хваль у крышталях. За адпаведную манаграфію Фёдар Іванавіч быў узнагароджаны Дзяржаўнай прэміяй СССР, яна адразу была перакладзена на многія мовы свету. Практычна ён прайшоўся па ўсёй крышталеакустыцы, знайшоў памылкі, запоўніў прабелы. Многія сучасныя прыкладныя даследаванні так ці інакш звязаны з тэарэтычнымі даследаваннямі акадэміка Фёдарава. Працуючы зараз у Мазырскім педуніверсітэце, я выкладаю нашым студэнтам, будучым настаўнікам, інжынерам, тыя курсы, базу для якіх заклаў некалі Фёдар Іванавіч.

Кацярына КАВАЛЕНКА.
Фота аўтара.

Фотоотчёт