Містар ДНК, або Чатыры мары генетыка (Сайт газеты «Настаўніцкая газетa»)

Опубликовано Dmitry_Gorbachev - вт, 28/09/2021 - 14:07

Іншы раз пазнаёмішся з чалавекам і адразу адчуваеш глыбіню і прыгажосць яго душы, вастрыню розуму, мяккасць сэрца. Менавіта такая сустрэча адбылася ў мяне з загадчыкам кафедры заалогіі, фізіялогіі і генетыкі біялагічнага факультэта Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны Рыгорам Ганчарэнкам. Рыгор Рыгоравіч — член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, доктар біялагічных навук, прафесар, заснавальнік айчыннай навукова-педагагічнай школы малекулярнай і папуляцыйнай генетыкі.

З аднаго боку, прафесар Р.Р.Ган­­чарэнка ўражвае сваёй сабранасцю, логікай і інтэ­лектам, а з другога — тонкім пачуццём гумару, адкрытасцю і добразычлівасцю. Вялікі шлях у навуку Рыгор Рыгоравіч пачаў у 1972 го­дзе, калі пасля службы ў арміі (быў ваенным кінолагам) паступіў на факультэт прыродазнаўчых навук Новасібір­скага дзяржаўнага ўніверсітэта пры Акадэмгарадку. Сярод выкладчыкаў Рыгора Ганчарэнкі былі вядомыя вучоныя Дзмітрый Бяляеў, Вера Хвастова, Леанід Корачкін. Ужо на 2 курсе ён пачаў асвойваць малекулярна-генетычныя метады аналізу насякомых.

У складзе зборных універсітэта і Акадэмгарадка Рыгор Ганчарэнка ўдзельнічаў у розных спартыўных спаборніцтвах, дапамагаў арганізаваць футбольную каманду Інстытута цыталогіі і генетыкі. Узначальваў будаўнічы атрад, з якім узводзіў аб’екты ў Сібіры і на Далёкім Усхо­дзе. Пасля заканчэння ўніверсітэта размеркаваўся ў Інстытут цыталогіі і генетыкі Расійскай акадэміі навук, дзе працягнуў даследаванні генаў на малекулярным узроўні.

У 1982 годзе паступіў у аспірантуру на біялагічны факультэт Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта. Пры падтрымцы вядомых генетыкаў Любові Хатылёвай, Мікалая Дубініна, Леаніда Корачкіна, Уладзіміра Мітрафанава разам са сваімі студэнтамі ён пачаў праводзіць даследаванні насякомых з выкарыстаннем малекулярна-генетычных метадаў. Пасля датэрміновай абароны кандыдацкай дысертацыі і заканчэння аспірантуры быў запрошаны у Гомельскі НДІ лясной гаспадаркі. Пад яго кіраўніцтвам у інстытуце была арганізавана лабараторыя малекулярнай генетыкі, якая стала галаўным каардынатарам “Усесаюзнай праграмы па ўкараненні малекулярна-генетычных метадаў ізаферментнага маркіравання ў лясную гаспадарку СССР”. На базе лабараторыі ўпершыню створаны тэхналогіі малекулярна-генетычнага аналізу для большасці іглічных парод дрэў.

Рыгор Ганчарэнка і яго вучні сумесна з акадэмікам Хатылёвай распрацавалі тэст-сістэму, якая дазваляе выяўляць мутацыі ў яйцаклетках іглічных. На яе падставе была дадзена ацэнка ступені па­шкоджання генетычнага матэрыялу ў выніку аварыі на ЧАЭС.

Для збору эксперыментальнага матэрыялу драўняных парод прафесар Ганчарэнка арганізуе палявыя экспедыцыі ў розныя пункты Еўразіі. Са сваімі вучнямі ён пабываў у іглічных лясах ад Балтыкі да Ціхага акіяна. Наведаў горныя лясы Каўказа, Цянь-Шаня, Карпат, Татраў і Крыму.

Вынікі даследаванняў і распрацаваныя генныя тэхналогіі знайшлі шырокае прымяненне і афіцыйнае прызнанне ў навуковых колах замежжа. За беларускай школай малекулярнай і папуляцыйнай генетыкі, якая сфарміравана пад кіраўніцтвам прафесара Ганчарэнкі ў Гомелі, замацавалася навуковае лідарства ў гэтай галіне.

У 1996 годзе Міжнародны інстытут генетычных рэсурсаў раслін даверыў прафесару Ганчарэнку правядзенне прэстыжнай міжнароднай канферэнцыі ў Белавежскай пушчы, ён быў выбраны віцэ-старшынёй рабочай групы ў IUFRO (Вена), нацыянальным каардынатарам у EUFORGEN (Рым), членам рэдкалегіі навуковых часопісаў Forest Genetics і “Весткi Нацыя­нальнай акадэміі навук”. У той жа час ён становіцца членам-карэспандэнтам НАН Беларусі. Рыгор Рыгоравіч атрымлівае шматлікія запрашэнні выступіць з дакладамі і лекцыямі на міжнародных генетычных форумах і ў вядучых навуковых цэнтрах.

З 2000 года прафесар Ганчарэнка актыўна ўключаецца і ў выкладчыцкую дзейнасць, а з 2002 года становіцца загадчыкам кафедры заалогіі і аховы прыроды ГДУ. Ім распрацаваны сучасныя курсы “Малекулярная біялогія”, “Генетыка”, “Асновы біятэхналогіі”, “Генетычная інжынерыя”, “Біяінжынерыя і біябяспека”.

Адзін з вучняў прафесара — першы прарэктар Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францы­ска Скарыны дацэнт Андрэй Крук — падкрэслівае: “Беларуская школа малекулярнай і папуляцыйнай генетыкі захоўвае навуковае лідарства. За 35 гадоў яе існавання падрыхтавана 4 дактары і 12 кандыдатаў навук. Усе выпускнікі біялагічнага факультэта ГДУ, вучні Рыгора Рыгоравіча. Ён аўтар больш як 400 навуковых работ, у тым ліку больш як 60 манаграфій, вучэбных дапаможнікаў і падручнікаў. Колькасць цытаванняў прац Рыгора Рыгоравіча ў аўтарытэтных міжнародных базах перавысіла тры сотні, h-індэкс Хірша склаў 11. Яго вучэбныя дапаможнікі і падручнікі па генетычнай інжынерыі, біятэхналогіі і сучаснай генетыцы надрукаваны тыражом больш за 300 тысяч экзэмпляраў. Па іх вучацца студэнты і школьнікі як у нашай краіне, так і за яе межамі”.

За апошнія два гады прафесар Ганчарэнка распрацаваў электронныя вучэбна-метадычныя комплексы па сучасных курсах: “Геноміка”, “Малекулярная дыягностыка”, “Малекулярная біялогія ракавай клеткі” і “Малекулярная сістэматыка”. Цікава, што студэнты некалькі гадоў назад прысвоілі яму тытул “Містар ДНК” і падарылі партрэт з такім надпісам.

За дасягненні на ніве навукі і выкладання, распрацоўку сучасных вучэбных дапаможнікаў па малекулярнай генетыцы і біятэхналогіі і падрыхтоўку кадраў вышэйшай навуковай кваліфікацыі прафесар Ганчарэнка ўзнагародж­ваўся ганаровымі граматамі, нагруднымі знакамі “Выдатнік адукацыі” і “На благое просвещение”, а ў 2020 годзе — медалём “За працоўныя заслугі”.

Рыгор Рыгоравіч прайшоў вялікі жыццёвы шлях ад капітана школьнай каманды па футболе, с­партсмена-прафесіянала да масцітага вучонага, які дасягнуў навуковых вяршынь. Я спытала прафесара: “Выходзіць, жыццё склалася? Марылі пра поспех у спорце — атрымалі яго. Марылі паступіць у вядучы ўніверсітэт Савецкага Саюза — паступілі. Марылі трапіць у лабараторыю, дзе гены даследуюцца на малекулярным узроўні, на ўзроўні ДНК, — трапілі. А чацвёртая мара?”

— У 1982 годзе, паступіўшы ў аспірантуру ГДУ, я быў адзіным малекулярным генетыкам у гора­дзе. Нізкі паклон майму настаўніку, бліскучаму навукоўцу і цікаваму чалавеку, акадэміку Хатылёвай. Дзякуючы яе падтрымцы, удалося сфарміраваць на біяфаку сучасную генетычную лабараторыю і вывесці яе ў лідары. Зараз у горадзе 4 дактары і больш за 10 кандыдатаў навук, прызнаная навуковая школа. У гэтым сэнсе чацвёртая мара здзей­снілася. На генетычнай карце свету выразна гарыць і гомельская генетычная зорачка.

Кацярына КАВАЛЕНКА.
Фота Уладзіміра ЧЫСЦІКА.

https://nastgaz.by/mistar-dnk-abo-chatyry-mary-genetyka/?_utl_t=vb