Заварожвае Іван Штэйнер

Опубликовано Dmitry_Gorbachev - вт, 26/09/2023 - 10:43

Напрыканцы мінулага стагоддзя — у 1993 годзе — у Мінску

Іван Штэйнер
Іван Штэйнер

выйшла ў свет кніга з інтрыгоўнай назвай: «Варожаць балады вякоў». У ёй гаворку пра беларускія ды іншыя славянскія балады вёў-варажыў Іван Фёдаравіч Штэйнер — вучоны, захоплены магіяй слова. І вось ужо ў залатым месяцы верасні 2023 года ён з нязменнай гіпнатычнай энергіяй адзначыў свой 70-гадовы юбілей. Сёння Іван Фёдаравіч доктар навук і прафесар філалогіі, вядомы ўсім славістам найперш як актыўны і шчодры на кантакты беларускі літаратуразнавец, краязнавец, пісьменнік. Народжаны на Палессі, адданы Гомельшчыне і сардэчна, і па фармальнай прапісцы, ён, тым не менш, застаецца вельмі лёгкім на пад’ём, а таму нязменна бачыцца буйным планам у шырокім полі культурнага жыцця нашай краіны. Думаецца, што яго пакліканне — усімі сіламі шчыра служыць філалогіі і гістарыяграфіі, ствараць і памнажаць культурныя набыткі, сцвярджаць пазітыўнае, будучы ў душы тым аптымістам Гервасіем Вылівахам, які не дужа дбае пра халодныя правілы, нормы ды формы, але абавязкова трымае каля сэрца сваю кветку-шыпшыну — сваю радзіму.

Яго праца заўсёды была цесна звязана з Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі, і найперш у часы, калі там вялі рэй А. Адамовіч, І. Навуменка, В. Каваленка, У. Гніламёдаў, М. Тычына, іх паплечнікі. Менавіта ў НАН былі абаронены абедзве дысертацыі Івана Штэйнера. Прафесар з 1995 года, Іван Фёдаравіч з’яўляецца членам-карэспандэнтам Міжнароднай Акадэміі навук Еўразіі, лаўрэатам прэміі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, лаўрэатам Нацыянальнай літаратурнай прэміі.

Падкрэслім і яшчэ некалькі нешараговых фактаў з біяграфіі юбіляра. Ён з’яўляецца членам Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў, намеснікам старшыні камісіі па кампаратывістыцы Міжнароднага камітэта славістаў, падтрымлівае цеснае навуковае супрацоўніцтва з вучонымі розных краін свету. Удзельнічаў у рабоце кангрэсаў славістаў, на якіх выступіў з дакладамі. Пачынаючы з 1983-га — 40 гадоў! — Іван Фёдаравіч загадвае кафедрай беларускай літаратуры ў Гомельскім дзяржаўным універсітэце імя Францыска Скарыны, ён уганараваны медалём Францыска Скарыны, а таксама знакам «Выдатнік адукацыі Рэспублікі Беларусь».

Вядома ж, Гомельскі ўніверсітэт удзячны свайму выбітнаму прафесару. Пад яго кіраўніцтвам абаранілі дысертацыі і сталі кандыдатамі навук 18 аспірантаў, абаронена 1 доктарская, ды яшчэ рыхтуюцца стаць на крыло шэсць аспірантаў і тры дактаранты. Чым не гомельская навуковая школа, сабраная вакол прафесара Штэйнера! Гэтая літаратуразнаўчая школа мае і афіцыйную назву на сайце ГДУ: «Рэгіянальны, агульнанацыянальны і агульначалавечы ўзроўні ў літаратуры: духоўная спадчына беларусаў у сусветным кантэксце». Сюды ж далучым і плён студэнцкай навуковай лабараторыі «Вандроўнік» пры кафедры і пад кіраўніцтвам І. Ф. Штэйнера. Сіламі студэнтаў і выкладчыкаў тут сабраны вянок краязнаўчых выданняў пра Мазыр, Рэчыцу, Светлагорск... З названага кола асобна трэба вылучыць 7 фальклорна-этнаграфічных зборнікаў, і асабліва кнігі пра фальклор тых населеных пунктаў, што былі ліквідаваны ў выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. Выданні ўкладзены разам з В. С. Новак. І. Ф. Штэйнер пастаянна падтрымлівае таксама і пісьменніцкі рух ва ўніверсітэце: яшчэ ў 1998 годзе выдаў анталогію лірыкі выпускнікоў ГДУ «Крыніцы» і зборнік артыкулаў пра іх «Душа прычаліцца крылом да неба...» (1999). З тых часоў І. Ф. Штэйнер не забываецца адгукацца на дары музам ад сваіх землякоў, выпускнікоў, не шкадуючы для іх добрых, а часам і строгіх слоў у шырокім друку. Больш за тое: ужо сабраны і распрацаваны матэрыялы для адзінага ў Беларусі літаратурнага музея «Alma mater», прысвечанага выпускнікам ГДУ, якія сталі пісьменнікамі і журналістамі.

Манаграфіі І. Ф. Штэйнера (іх 20, а ўсяго публікацый больш за 500) прысвечаны самым розным праблемам і перыядам развіцця літаратуры. Варта адзначыць, што іх унікальнасць звязана не толькі з навуковай навізной зместу, але яшчэ і са спецыфічна-эсэістычным ідыястылем, заснаваным на смелым, неабмежаваным лунанні асацыятыўнага мыслення, уласцівага мастакам-вобразатворцам. У апошняе ж дзесяцігоддзе І. Ф. Штэйнер усё часцей з настальгіяй піша пра тую эпоху, калі слова называлі Богам (напрыклад, у манаграфіі «Похвала слову уходящему: занимательно-познавательное эссе о судьбах литературы»). Мара члена-карэспандэнта НАН Беларусі Алега Лойкі пра займальнае літаратуразнаўства, якога ўсё яшчэ бракуе беларусам, а таксама паэтычная формула маладога Лойкі не сорамна любіць да слёз (з верша «Радзіме»), здаецца, прэтэндуюць на пазнакі той мастацкай стратэгіі, якую абраў для сябе навуковец І. Ф. Штэйнер: ён заўсёды падкрэслівае высакародную прыгажосць філалогіі ў сваім пісьменстве. У доказ прыгадаем вабныя назвы яго даследаванняў: «Deja vu, або Успамін пра будучыню», «Стрыбогавы ўнукі: Міфалагічныя асновы беларускага менталітэту», «“Свае руны мне не вышыць…”: спадчына Анатоля Сыса» і інш.

Згадаем і такі важны кірунак творчай дзейнасці прафесара І. Ф. Штэйнера, як праекты калектыўныя. Філалогію ў ГДУ моцна ўгрунтоўваюць тыя міжнародныя канферэнцыі, дзеля якіх у Гомелі з нязменнай перыядычнасцю збіраюцца айчынныя і замежныя вучоныя, ізноў жа дзякуючы энергічнай гасціннасці кафедры, якую ўзначальвае І. Ф. Штэйнер. Асабліва прадстаўнічае кола вучоных збірае традыцыйная канферэнцыя «Рэгіянальнае, нацыянальнае і агульначалавечае ў літаратуры», а таксама амаль легендарныя Міжнародныя чытанні з аналагічнай назвай. Яны праводзяцца кафедрай раз на два гады і прысвячаюцца народнаму пісьменніку Беларусі Івану Навуменку, які паходзіць з Гомельшчыны (вёскі Васілевічы).

А вось як па-мастацку І. Ф. Штэйнер піша сваю аўтабіяграфію: «Нарадзіўся ў 1953 годзе, 10 верасня, напярэдадні вялікага хрысціянскага свята Усекнавення главы Іаана Хрысціцеля, Прадцечы. Івана Галавасека, як кажуць у народзе. Менавіта таму і назвалі Іванам, хаця маці хацела назваць Васілём, у памяць яе брата, Ігнацюка Васіля Дзмітрыевіча, які быў партызанам у Каўпака, а пасля наводчыкам славутай соракапяткі і загінуў у дваццаць з нечым гадоў, прыкрываючы адыход таварышаў. <…> Свет убачыў у сяле Беражное (Бэрэжнэ па-палеску), бацькоўская хата стаіць на тым месцы, дзе некалі быў сад і палац паноў са славутага роду Олешаў, з якіх паходзіць пісьменнік Юры Карлавіч Олеша. <…> Скончыў мясцовую школу і паступіў на філалагічны (хаця любіў і матэматыку) факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Леніна, бо вырашыў стаць вялікім пісьменнікам. У 1975 годзе з дыпломам настаўніка вярнуўся дадому, працаваў дырэктарам Хотамельскай васьмігадовай школы, але Лабановіча з нядаўняга выпускніка не атрымалася. Ажаніўся і пераехаў у Гомель, з якім і звязаны ўсе апошнія гады жыцця...»

Запярэчым — адметны Лабановіч усё ж атрымаўся! Так рассказаную аўтабіяграфію навукоўца чытаць бы і чытаць, ад яе не адарвацца. Таму не дзіўна, што на рахунку І. Ф. Штэйнера маюцца ўласна мастацкія творы. Гэта паспяховыя п’есы (ставіліся прафесійнымі і аматарскімі тэатрамі): «Шлюб па прымусу», «Кот на лаўрах», «Юшка из буквиц печатных…» (з С. Зяньковым) і іншыя. Піша прафесар-філолаг і прозу, якая чакае сваіх даследчыкаў: раман «Мое одиночество начинается в твоих объятиях», «Кот-ваявода: смяхотная штука», «DELIRIUM. Псіхалагічная гісторыя з элементамі дэтэктыву».

Відавочна, што самай блізкай наратыўнай фігурай для вучонага і мастака І. Ф. Штэйнера заўсёды быў такі персанаж-апавядальнік, які «шпарыў без прыпынку, цытаваў, не заглядваючы ў паперку» (з аповесці-эсэ «DELIRIUM»). Чалавека-гуманітарыя з прафесарскімі даляглядамі ў культуры ды выбітным жыццялюбствам можа засмуціць — як прафесіянала — хіба што вось гэта: «У нас агульнасусветная праблема: мала інтэлігентных слухачоў, здольных падтрымаць гаворку...» Гэта сказана з гумарам ад імя персанажа згаданай аповесці, аднак жа ўсе мы разумеем, што ў прафесара Штэйнера заўсёды былі і будуць удзячныя і цікаўныя суразмоўнікі, гэтаксама, як ён, адданыя філалогіі! Добрых слоў у яго адрас сказана вялікае мноства, і нямала надрукавана з подпісамі: М. Амон, Т. Аўдоніна, І. Асташкевіч, І. Бажок, А. Бельскі, М. Берлеж, С. Ганчарова-Грабоўская, І. Жук, Ж. Капуста, У. Лайкоў, А. Мельнікава, Е. Парфіяновіч, П. Рабянок, У. Сабаленка, Т. Ціхановіч, М. Шамякіна, І. Шаўлякова... Спіс адкрыты, і я з пашанай далучаюсяі да яго. Са слаўным 70-годдзем Вас, Іван Фёдаравіч!

Людміла СІНЬКОВА

Фота Кастуся Дробава.

Лiтаратура i мастацтва № 38 22 верасня 2023, c. 11.