Студэнты факультэта замежных моў (з груп А-12, А-32 і А-44), якіх згуртавалі старшая выкладчыца кафедры ТіПАЯ Кацярына Валер’еўна Паборцава і выкладчыца Дар’я Аляксандраўна Гаўрылава, 25 кастрычніка пабывалі ў гасцях на філфаку, у творчай лабараторыі беларускага фальклору прафесара кафедры рускай і сусветнай літаратуры Валянціны Станіславаўны Новак. Гаспадыня лабараторыі адразу паказала моладзі кнігі, выдадзеныя на падставе палявых матэрыялаў, сабраных у розных раёнах Гомельшчыны, распавяла, што сапраўднымі аўтарамі іх з’яўляюцца людзі, сам народ, расказала, колькі гэтых кніг, задуманых у рамках канцэпцыі рэгіянальна-лакальнага вывучэння фальклору, выдадзена (а іх ужо больш за 20), а колькі яшчэ чакае свайго выхаду ў свет.
Валянціна Станіславаўна, якую заўсёды цікавіў у фальклоры паэтычны светапогляд беларусаў, знаёмячы гасцей з дзейнасцю навукова-вучэбнай лабараторыі, з цеплынёй і пранікнёнасцю зачытвала прыклады зáпісаў з палявых фальклорных экспедыцый, а студэнты з задавальненнем паглядзелі прапанаваныя ім прэзентацыі, прысвечаныя беларускім святам. Са сваіх архіўных матэрыялаў В.С. Новак пазнаёміла ўдзячных слухачоў з відэавыступленнямі студэнтаў розных факультэтаў, якія ладзілі ў розныя гады тэматычныя імпрэзы, прысвечаныя духоўнай спадчыне Гомельшчыны ў Славянскай бібліятэцы, што знаходзіцца ў грамадска-культурным цэнтры па вул. Ланге, а таксама з фрагментамі фільмаў “Калядныя цары” (в. Семежава Капыльскі р-н) і “Юраўскі карагод” (в. Пагост Жыткавіцкі р-н). А вёскі гэтыя, дарэчы, унесены ў Спіс ЮНЕСКА. Распавяла Валянціна Станіславаўна і пра вёску Тонеж Лельчыцкага р-на, пра яе колішнюю знакамітую жыхарку Ганну Паўлаўну Вянгуру (1912 – 2003), спявачку і апавядальніцу, носьбітку мастацкіх традыцый Тураўшчыны, якая доўгі час была захавальніцай традыцый народнай мудрасці. Прафесар прыгадала, як гэтая бабулька больш за 20 год таму назад сустракала ў сваёй аднапакаёвай хатцы студэнтаў, з якімі гутарыла аднойчы з дзевяці гадзін раніцы да чатырох дня. Гэтая ўнікальная жанчына гаварыла, што ад яе калісьці запісвалі матэрыялы беларускі драматург і пісьменнік Кандрат Крапіва (1896 – 1991), фалькларыст і кампазітар Рыгор Шырма (1892 – 1978), а на яе матэрыялах (запісах песень, якія былі выдадзены нават у Маскве) Зінаіда Якаўлеўна Мажэйка абараніла дысертацыю.
Валянціна Станіславаўна натхняла студэнтаў факультэта замежных моў той ідэяй, што яны могуць, навучаючыся ў магістратуры ці аспірантуры, браць для даследавання фальклорныя тэмы ў кампаратывістычным накірунку (англійскія традыцыі і беларускія, напрыклад), а такія работы вельмі каштоўныя з навуковага гледзішча. А якія цікавыя прыклады паэтычнага светапогляду беларусаў прыводзіла загадчыца лабараторыі з палявых зáпісаў: напрыклад, зоркі на небе ўяўляліся нашым землякам як домікі анёлаў (або ангелаў), і калі свецяць ноччу тыя зорачкі, то казалі, што “ангелы адкрылі свае акошачкі і глядзяць на свет…”
Асобна хочацца яшчэ раз падкрэсліць надзвычайную ролю арганізатараў гэтай сустрэчы – нашых творчых выкладчыц кафедры тэорыі і практыкі англійскай мовы. Дзякуючы Кацярыне Валер’еўне і Дар’і Аляксандраўне нечаканасць адкрыцця таго, што цікавае і дзіўнае – побач, была напэўна ўсвядомлена ўсімі удзельнікамі сустрэчы.
Намеснік дэкана па выхаваўчай рабоце Р.У. Серыкаў