Тэатральныя ўражанні

Опубликовано ias - пт, 10/11/2023 - 16:52

Напярэдадні 80-й гадавіны вызвалення Гомеля ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў тэматычныя мемарыяльныя і выхаваўчыя мерапрыемствы прадугледжаны, безумоўна, многімі адукацыйнымі арганізацыямі і культурна-выхаваўчымі ўстановамі горада. Так, напрыклад, наша абласная бібліятэка ладзіць у гэтыя дні пастаноўкі спектакля па п’есе “Трыбунал” класіка беларускай драматургіі, народнага пісьменніка Беларусі Андрэя Макаёнка (1920–1982). Цікава тое, што акцёрамі спектакля з’яўляюцца самі працаўнікі бібліятэкі, згуртаваныя талентам рэжысёра абласнога драмтэатра Сяргея Мікалаевіча Зянькова.

У сувязі з такой інтрыгуючай імпрэзай студэнты 1-га курса факультэта замежных моў з цікавасцю наведалі 10 лістапада бібліятэку, дзе перад пачаткам прадстаўлення Юлія Сяргееўна Абрамовіч, загадчыца аддзела літаратуры на замежных мовах, правяла маладых людзей у названы аддзел, дзе пазнаёміла іх з багацейшай скарбніцай арыгінальнай літаратуры амаль на ўсіх заходнееўрапейскіх мовах. Навучэнцаў прыемна ўразіла ўтульная атмасфера аддзела, прастора залы і яе незвычайнае абсталяванне, бо ў яе інтэр’ер арганічна ўпісваўся, акрамя ўсяго, і рабочы 3D-прынтар…

Сам спектакль, на які, акрамя нашых студэнтаў, завіталі школьнікі і навучэнцы каледжаў, спадабаўся, бадай, усім: са сцэны гучала сакавітая, макаёнкаўская яшчэ, тая самая (!) беларуская мова, занатаваная назаўжды нашым славутым пісьменікам-земляком для нашчадкаў… У зале прысутнічаў і сам рэжысёр, відаць, крытычна ў каторы ўжо раз ацэньваючы высокамастацкую і вывераную ігру акцёраў. Пад вялікім уражаннем засталіся нашы дзяўчаты і хлопцы, якія прыйшлі на спектакль: па іх словах, яны проста не чакалі такой па-сапраўднаму прафесійнай ігры акцёраў, у якіх на гадзіну пераўтварыліся працаўнікі бібліятэкі: Н. Цясёлкіна, Ю. Рачынскі, І. Студнева, П. Еўтухоў, П. Барысаў, А.Радчанка, І. Рыдкіна, В. Крачкова.

У сувязі з усім сказаным хочацца шчыра і цёпла падзякаваць калектыву бібліятэкі і С.М. Зянькову за патрыятычнае стаўленне да айчыннай літаратурнай спадчыны і мовы нашага народа ад імя студэнтаў 1-га курса факультэта замежных моў груп А-13, А-14 і Н-15.

Намеснік дэкана па выхаваўчай рабоце Р.У. Серыкаў

Фотоотчёт