Сустрэчы на завочным

Опубликовано Dmitry_Gorbachev - пн, 04/06/2018 - 16:05

У першы дзень лета завочны факультэт гасцінна сустракаў доктара медыцынскіх навук Наталлю Віктараўну Галіноўскую, якая прыйшла распавесці супрацоўнікам вучэбнага корпуса №3 пра небяспеку інсульту і спадарожных хвароб, што яго выклікаюць.

Лекцыя спецыяліста атрымалася надзвычай змястоўнай, карыснай і, як ні дзіўна, вельмі пазнавальнай і інтрыгуючай. Кожны з прысутных неяк натуральна і незаўважна быў уцягнуты ў жывую размову і атрымаў нямала прыдатных парад і падказак адносна прафілактычных мерапрыемстваў адпаведна свайму ўзросту і ладу жыцця. Слухачы даведаліся, між іншым, аб тым, што кожны шосты жыхар планеты памірае ад наступстваў інсульту, што своечасовыя захады адразу пасля першых трывожных праяў могуць не толькі ўратаваць пацыенту жыццё, але і поўнасцю ліквідаваць наступствы хваробы.

Змястоўны навукова-папулярны выклад Н.В. Галіноўскай, з аднаго боку, зацікавіў усіх прысутных сур’ёзнасцю ўзгаданай праблемы, а з другога – даў надзею на тое, што і гэтай хваробе можна даць рады, калі дзейнічаць у першыя тры гадзіны ад моманту яе ўзнікнення рашуча і неадкладна.

Лякарка закранула таксама тэму аздараўлення мозгу праз разумовую дзейнасць, творчую навуковую працу, якая выклікае сапраўднае задавальненне і абагачае мозг кіслародам лепш, чым нават заняткі фізкультурай. Папутна былі раскрыты сакрэты даўгалецця ветэранаў вайны, карысці шахматаў, чатырох кубачкаў кавы, зялёнай і чорнай гарбаты і… яшчэ нечага іншага, пра што коратка пераказаць магчымасці няма.

Таму запрашаем перыядычна цікавіцца тым, што робіцца на завочным факультэце і якія сустрэчы плануюцца для вас.

Рыгор Серыкаў,
намеснік дэкана завочнага факультэта
 

Фотоотчёт