Чаму варта пазнаёміцца з экспазіцыяй Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта (zviazda.by)

Опубликовано Dmitry_Gorbachev - пн, 08/01/2024 - 11:39

Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт мае сталыя літаратурныя традыцыі. Тут вучылася шмат вядомых і адораных пісьменнікаў, журналістаў, вучоных. Пры кафедры беларускай літаратуры амаль дзесяць гадоў працуе літаратурны музей «Аlma mater», створаны па ініцыятыве загадчыка кафедры прафесара І. Штэйнера.

Фрагмент экспазіцыі.

У музеі прадстаўлены матэрыялы, прысвечаныя выпускнікам ГДУ, якія праявілі сябе як у мастацкай творчасці, навуцы, так і ў журналістыцы.

Экспазіцыя музея пабудавана храналагічна. Гісторыя нашай літаратурнай альма-матар бярэ пачатак з 1930-х гадоў, калі (тады яшчэ ў педагагічным інстутуце імя В. Чкалава) вучыліся Іван Шамякін, Леанід Гаўрылаў, Мікола Сурначоў, Кастусь Кірэенка, Паўлюк Прануза, Алесь Жаўрук. Яны атрымалі дыпломы ў першыя дні Вялікай Айчыннай вайны. Л. Гаўрылаў, М. Сурначоў, А. Жаўрук і загінулі, абараняючы радзіму. У вершы 1941 года «У стоптаным жыце» Мікола Сурначоў прадказаў уласны лёс:

Ніколі не ехаць
Хлапцу маладому
Да роднага гаю,
Да блізкага дому
Ляжыць ён, як віцязь
У стоптаным жыце.
Маці спаткаеце —
Ёй не кажыце.

Цяпер ніводная славянская анталогія ваеннай паэзіі ўжо не можа адбыцца без гэтай славутай балады.

Пра Леаніда Гаўрылава Іван Штэйнер выказаўся наступным чынам: «Уваходзіны так і засталіся спадчынай. Але і па гэтых творах мы бачым, якога паэта ад нас забрала вайна. Жыццё, смерць і бяссмерце маладога воіна звязаны з подзігам яго маці, якая ў невыносных умовах захавала на ўласных грудзях сшытачак з творамі сына і яго сціплы здымак, тым самым уратаваўшы яго голас ад векавога забыцця. Маці дала творам сына другое жыццё, дзякуючы яе мацярынскай любасці і веры мы сёння можам ізноў пачуць пранікнёныя вершы яе сына».

Унікальныя матэрыялы перадала сям’я Паўлюка Пранузы — рукапісы, фотаздымкі, кнігі. Паўлюк Прануза прайшоў вайну, распісаўся на Рэйхстагу, а пасля працаваў настаўнікам, журналістам. Хрэстаматыйным стаў верш паэта «Не экскурсантам, а салдатам»:

Не экскурсантам, а салдатам,
Абпаленым агнём баёў,
З гранатамі ды аўтаматам
На дах рэйхстага я ўзышоў.
Глядзеў на ўсход я ў задуменні,
Здалёку бачыў родны край:
Палеткі ў зелені вясенняй,
Свой Гомель, па-над Сожам гай.

Аўтограф гэтага верша знаходзіцца ў музеі «Аlma mater».

Таксама музею перададзены аўтографы вершаў паэта ваенных гадоў, асобныя экзэмпляры газеты «Чырвоная змена» за 1944 і 1945 гады, дзе надрукаваны вершы і артыкулы П. Пранузы, аўтографы з праўкамі вершаў, сямейныя фотаздымкі, рэдакцыйныя фотаздымкі супрацоўнікаў газет «Звязда» за 1960-я гады, «Настаўніцкай газеты», здымкі з пісьменніцкіх з’ездаў, пачынаючы з 1959 года. Кранаюць паштоўкі, адрасаваныя жонцы і падпісаныя ў вершаванай форме. Паэт прысвяціў шмат вершаў сябрам па Гомельскім педінстытуце: М. Сурначову, М. Даніленку, франтавым сябрам. Сябрам Паўлюка Пранузы ў студэнцкія гады быў Мікола Сурначоў. Яны жылі ў адным пакоі. Перапісваліся да гібелі Міколы Сурначова. Паўлюк Прануза самааддана захоўваў памяць пра сябра. Невыпадкова ўклаў зборнік М. Сурначова «Акопны спеў» (1986), куды ўвайшлі вершы паэта, лісты да яго сяброў, успаміны аб ім. Рабочыя матэрыялы да гэтай кнігі таксама перададзены музею.

Цікавыя ўспаміны пра гады навучання ў Гомельскім педінстытуце пакінуў І. Шамякін. Яны таксама занялі сваё належнае месца ў экспазіцыі музея.

Гомельскі ўніверсітэт выхаваў трох лаўрэатаў Дзяржаўнай прэміі Беларусі: І. Шамякіна, К. Кірэенку і М. Башлакова. Іх творчасці пры-
свечана асобная экспазіцыя.

Дыплом нашай навучальнай установы атрымалі В. Ярац, А. Сыс, А. Зэкаў, В. Куртаніч, А. Казлоў, М. Даніленка, Р. Андрэявец, Т. Мельчанка, Н. Шклярава, В. Стрыжак, І. Багдановіч, М. Болсун і інш. Паказальна, што да мастацкай творчасці ў ВНУ звяртаюцца не толькі філолагі, але і «фізікі» з «матэматыкамі», не толькі студэнты, але і выкладчыкі, і не абавязкова філолагі. Напрыклад, акадэмік І. Ф. Харламаў, заснавальнік навуковай школы па педагогіцы.

Асобны раздзел прысвечаны творчасці выпускнікоў апошніх гадоў: А. Бараноўскага, Г. Новік, С. Кацюргіной, М. Маліноўскай, Я. Малевіча, Н. Філон, якія, будучы студэнтамі ГДУ, выдалі 11 зборнікаў!

Шмат цікавых і вядомых імёнаў прадстаўлена ў экспазіцыі музея, прысвечанай журналістам, што атрымалі дыплом у сценах нашай альма-матар. Сярод іх — Віктар Маючы, колішні галоўны дырэктар галоўнай дырэкцыі тэлеканала «Беларусь 3»; Алена Трацэнка, вядучая перадач «Эрудыт», «Размаўляем па-беларуску»; Леанід Клімовіч, вядомы ўдзельнік праграмы «Што? Дзе? Калі?», вядучы тэлепраграм «Белая каралева», «Эрудытлато», «Рызыка-версія», «Эрудыт-пяцёрка»; Ірына Асташкевіч, карэспандэнт «Настаўніцкай газеты», Наталля Капрыленка, карэспандэнт «Звязды», і многія іншыя.

Асобны раздзел прысвечаны работам выкладчыкаў і навуковай дзейнасці кафедры беларускай літаратуры. Кафедрай праводзіцца значная работа па вывучэнні жыцця і творчасці нашых выпускнікоў і землякоў. Пад рэдакцыяй І. Штэйнера ў 1998 годзе выдадзена анталогія лірыкі выпускнікоў ГДУ «Крыніцы», дзе пададзены творы К. Кірэенкі, П. Пранузы, Т. Мельчанкі, М. Башлакова, А. Сыса, А. Зэкава, І. Багдановіч, В. Куртаніч, Л. Раманавай, В. Яраца, «напісаныя аўтарамі ў студэнцкія гады або тэматычна звязаныя з горадам юнацтва, з універсітэтам». І. Штэйнер прасачыў гісторыю літаб’яднання «Крыніцы», якое некалькі дзесяцігоддзяў працавала пры кафедры.

У 1999 годзе пад рэдакцыяй І. Штэйнера выдадзены зборнiк крытычных артыкулаў «Душа прычалiцца крылом да неба...», дзе творчыя партрэты колішніх студэнтаў пададзены праз прызму бачання студэнтаў канца 1990-х гадоў. Напярэдадні 75-гадавога юбілею Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта пад рэдакцыяй І. Штэйнера і І. Бароўскай падрыхтаваны зборнік «Універсітэт літаратурны. Універсітэт песенны». А да 80-годдзя Гомельскага ўніверсітэта быў выдадзены зборнік «Alma mater universitatis».

Рэгіянальныя даследаванні, асэнсаванне творчасці пісьменнікаў Гомельшчыны, — адзін з вызначальных напрамкаў дзейнасці кафедры. Сістэматычна праводзяцца Міжнародныя навуковыя канферэнцыі «Рэгіянальнае, нацыянальнае і агульначалавечае ў літаратуры», удзел у якой прымаюць вядучыя навукоўцы не толькі Беларусі, Расіі, Украіны, Польшчы, але і славісты Германіі, Харватыі, Сербіі, Чарнагорыі, Славеніі, Англіі.

Выкладчыкі прыкладаюць шмат намаганняў, каб падтрымаць гэтую творчую атмасферу, традыцыі, захаваць пераемнасць паміж пісьменнікамі розных часоў, перадаць студэнтам павагу да папярэднікаў, абудзіць іх творчыя здольнасці.

На факультэце пастаянна праводзяцца творчыя сустрэчы з пісьменнікамі, у тым ліку і з выпускнікамі, якія выклікаюць цікавасць у студэнтаў, спрыяюць захаванню творчай атмасферы.

Анжэла МЕЛЬНІКАВА

Фота даслана аўтарам

https://zviazda.by/be/news/20240105/1704456396-muzey-prysvechany-lepshym-vypusknikam-gomelskaga-dzyarzhaunaga-universiteta

Лiтаратура i мастацтва № 1 (5262) 5 студзеня 2024 г. ISSN 0024-4686.  - C.11

Подразделения