Заключны этап Рэспубліканскай алімпіяды па роднай мове і літаратуры!

Опубликовано ias - пт, 04/04/2025 - 16:46

Алімпіядны рух – адзін з яркіх складнікаў нацыянальнай сістэмы агульнай сярэдняй адукацыі. Асноўныя мэты алімпіяды – павышэнне цікавасці да вучэбных прадметаў, развіццё творчых здольнасцей, паглыбленне тэарэтычных ведаў і практычных уменняў, садзейнічанне самарэалізацыі асобы.

У 2025 годзе заключны этап Рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове і беларускай літаратуры праходзіў у Гомелі на базе Гомельскага абласнога інстытута развіцця адукацыі. Удзельнікі – 117 навучэнцаў дзявятых, дзясятых і адзінаццатых класаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі з усіх абласцей Беларусі і г. Мінска.

Алімпіяда праходзіць у два туры: першы– напісанне  водгуку на прапанаваны вершаваны ці празаічны твор, другі – выкананне комплекснай работа па беларускай мове і літаратуры.

Для вучняў і настаўнікаў была арганізавана цікавая і змястоўная культурная праграма: экскурсіі ў Музей ваеннай славы, палацава-паркавы комплекс Румянцавых – Паскевічаў, наведванне спектакля “Альпійская балада” ў Гомельскім драматычным тэатры, знаёмства з ГДУ імя Ф. Скарыны, дзе навучэнцы і педагогі наведалі Музей гісторыі ўніверсітэта і Літаратурны музей, выставачную залу. Для гасцей была праведзена цікавая экскурсія па Алеі герояў і вуліцы Песіна.

Алімпіяда – гэта выпрабаванне не толькі для ўдзельнікаў, але і для членаў журы, сярод якіх былі і прадстаўнікі ГДУ імя Ф. Скарыны – А.М. Палуян, дэкан філалагічнага факультэта, А.М. Воінава, загадчык кафедры беларускай мовы, А.М. Федарава, дацэнт кафедры беларускай мовы, Т.М. Пятроўская, дацэнт кафедры беларускай літаратуры. Каб ацаніць работы, неабходны глыбокія веды і ўважлівасць, аб’ектыўнасць і добрасумленнасць. А яшчэ журы павінна было вызначыць лепшых з лепшых. У выніку ўзнагароды атрымалі 52 удзельнікі. У каманды Гомельскай вобласці – 7 дыпломаў.

Хочацца верыць, што ўдзельнікі алімпіяды і надалей захаваюць цікавасць і любоў да беларускай мовы і літаратуры, папоўняць шэрагі студэнтаў філалагічнага факультэта Гомельскага дзяржаўнга ўніверсітэта імя Францыска Скарыны.

 

Алена Палуян, дэкан філалагічнага факультэта, член журы

Фотоотчёт